Ствараюць батлейку, варожаць і частуюць блінамі. Паглядзіце, як у пасёлку Івянец адраджаюць старажытныя калядныя традыцыі
Навіны Беларусі. Навагоднія святы і Каляды па-беларуску немагчыма ўявіць без батлейкі. Драўляная скрыня ў руках вандроўных акцёраў чароўным чынам пераўтваралася ў маленькі лялечны тэатр, расказалі ў праграме «Цэнтральны рэгіён» на СТБ. На беларускіх землях батлейкі з’явіліся ў XVI-XVII стагоддзі.
І паколькі старажытныя Каляды па часе супадалі са Святам Раства, распавядалі спектаклі ў асноўным пра нараджэнне Ісуса Хрыста і смерць жорсткага цара Ірада. І, канешне, у гэтым вечным супрацьстаянні перамагала заўсёды дабро. А хіба гэта не тое, пра што асабліва падчас Раства мараць нават дарослыя?
Валянціна Адамовіч, дырэктар Івянецкага музея традыцыйнай культуры:
Такія батлейкі вядомы са старажытнасці, таму што людзі заўсёды хацелі забаў, людзі заўсёды хацелі нейкія гісторыі чуць, бачыць. І спецыяльныя людзі, якія хадзілі ад адной вёскі да другой, ад мястэчка да мястэчка, насілі за плячыма скрыню, і гэта скрыня ажывала раптам, і ўсе з задавальненнем глядзелі той цуд, які паказвалі артысты брадзячыя, якія радасць на Каляды неслі людзям.
Не толькі паглядзець батлейку можна ў Івянецкім музеі традыцыйнай культуры ў гэты святочны час, а ўвогуле даведацца, як святкавалі Каляды нашы продкі, навучыцца варажыць на будучыню, паспрабаваць накрыць калядны стол і падсілкавацца блінамі. Сярод усіх забаў мы выбралі майстар-класы. У ткацкай майстэрні зараз час рабіць святочных анёлаў.
Таццяна Задрэйка, майстра па ткацтве:
Апошні штрых – гэта мы ўжо ўпрыгожваем анёлкаў, тут як вам захочацца.
Яна Шыпко, карэспандэнт:
Нягледзячы на тое, што мы выкарыстоўвалі сучасныя сродкі, клеявы пісталет, пацеркі, чаго раней не было, але вось лён і пачуццё, што ўсё роўна дакрануўся да старажытных промыслаў.
Таццяна Задрэйка:
Лён жа лічыцца са станоўчай энергетыкай. Ён у жару дае холад, а ў мароз цяпло. І такія лялечкі, нават рознага віду тут лён. Бярэш, і ад анёлачка цяпло ідзе.
Звычайна ў майстэрні Таццяны пад гук кроснаў можна даведацца, як лён пераўтвараецца ў прыгожую тканіну, і самім паспрабаваць засвоіць калісьці адно з самых неабходных народных рамёстваў.
Яна Шыпко:
Ці прыемна захоўваць традыцыі, перадаваць тое, што ўмелі нашыя матулі, бабулі?
Таццяна Задрэйка:
У дзяцінстве я бачыла, як бабуля прала нітку, гэта было так: ладна, хай робіць сваю работу. А цяпер гады прайшлі, зусім па-іншаму ставішся. Ведаеце, дзеці прыходзяць на майстар-класы, гэта надта прыемна. Даволі прыемна, калі захоўваецца трошкі, хочацца перадаць усім, каб хоць трохі нашыя дзеці маглі.
І ўсё ж такі галоўны мясцовы промысел спрадвечна – кераміка. Івянец нават называлі сталіцай ганчарства. А з гліны тут ляпілі нават арганныя трубы. Варта зазірнуць у музейныя залы, каб захапіла дух. Тут і посуд, і кафлі як сапраўдныя творы мастацтва.
Валянціна Адамовіч:
Івянец даўно славіцца сваёй керамікай, і ў нас самая багатая калекцыя керамікі. Зала, якая прысвечана кераміцы, таксама ў нас вельмі насычаная экспанатамі. Калі ўвогуле казаць пра Івянец, той, хто хоча нешта даведацца пра кераміку, самаму засвоіць, проста паглядзець хоць адзін раз, канешне, трэба наведаць наш музей, наведаць Івянец.
Ну а натхніўшыся вырабамі мясцовых майстроў, можна і самім паспрабаваць зрабіць нават болей чым ляльку – музычны інструмент.
Валянціна Адамовіч:
Мы з вамі бяром гліну і паспрабуем з яе зрабіць простую архаічную птушку, якая, магчыма, у нас стане свістулькай. Мы з вамі будзем рабіць так, як рабілі раней у Івянцы. Ёсць такія дробныя традыцыі, якія захаваліся здаўна. Мы з вамі спачатку гліну трошкі размінаем, адчуйце, яна вельмі пластычная, яна вельмі падатная.
Яна Шыпко:
Такі асобны від рэлакса.
Валянціна Адамовіч:
Безумоўна. Тады мы робім хвосцік, вось гэтую частку. Гэта будзе свістковае прыстасаванне. Вось так пальцамі злучаем, сціскаем, гэта ў нас будзе хвост, свістковае прыстасаванне. І фарміруем вось такую прыгожую частку.
Яна Шыпко:
У каго прыгожая, а ў каго як.
Валянціна Адамовіч:
Самае галоўнае, што гэта ваша работа і вы ад гэтага атрымліваеце асалоду.
Яна Шыпко:
А гэта быў традыцыйны промысел?
Валянціна Адамовіч:
У Івянцы заўсёды займаліся ганчарствам, выраблялі шмат посуду. А там, дзе дарослыя працуюць, каля іх заўсёды і дзеці. А дзеці што могуць зрабіць? Яны замывалі посуд зроблены, нейкую дапамогу аказвалі бацькам, але ва ўсіх практычна ганчарных цэнтрах яшчэ рабілі свістулькі. Раней лічылася, што свістам адганяецца нячыстая сіла.
Яна Шыпко:
Ну а перш чым пакінуць нашу птушку на абпал, упэўнімся, што свістулька працуе. Можна яшчэ вось так. Ну ўсё, магія.
Што агульнага ў каляднай казы, беларускай дуды і шатландскай валынкі? Гісторыя стварэння музычных інстурментаў – чытайце далей.