Што агульнага ў каляднай казы, беларускай дуды і шатландскай валынкі? Гісторыя стварэння музычных інструментаў
Навіны Беларусі. Былы шлях Вітаўта і мясціны, дзе бывалі Манюшка і Дунін-Марцінкевіч. Хутар недалёка ад вёскі Цішкоўшчына на Валожыншчыне – куток з вялікай гісторыяй, расказалі ў праграме «Цэнтральны рэгіён» на СТБ. Калісьці гэтым домам валодалі інтэлігенты-настаўнікі Цішковічы, а гасцяваў у іх Якуб Колас. Зараз тут захоўваецца спадчына музычная, а спадар сядзібы знаёміць з ёй быццам музычны паліглот. Вось, напрыклад, калядная песня па традыцыі гучыць пад ліру.
Беларускі музыка, мастак, этнограф і рэстаўратар Алесь Лось дакладна нават і не скажа, на колькіх інструментах грае. У яго калекцыі іх каля паўсотні. Прычым ліру, жалейкі, флейты, басэтлі і дуду ён майструе сам.
Алесь Лось, музыка, гаспадар аграсядзібы:
Паколькі зараз у нас Каляды, будзе калядная мелодыя.
Што агульнага ў каляднай казы, беларускай дуды і шатландскай валынкі? Заслухацца на хутары дудара можна не толькі мелодыямі, але і цікавымі гісторыямі.
Алесь Лось:
Дуда – гэта і ёсць каза, гэта рэінкарнацыя казы, таму што каза прыносілася ў ахвяру, з яе скуры рабілася дуда. Нават дзе не рабілі дуды, была такая інсцэніраваная калядная сцэна, дзе каза памірае, прыходзіць стары дзед, удзімае праз саломінку. Чалавек у масцы казы пераапрануты ажывае. Гэта смерць, нараджэнне новага сонечнага цыкла, звязанага з культам плоднасці. Гэта вельмі цікавыя сувязі традыцый антычнага міру і нашых зямель, дзе яшчэ жылі толькі плямёны. Мы знаходзімся на тэрыторыі дзукі, Дайнавы, са сталіцай у Лідзе. Там яцвягі, крывічы, а тут у нас выходзіў мікс культур.
Яна Шыпко:
Ці агульныя карані ў нашай дуды і шатландскай валынкі?
Алесь Лось:
Ёсць, канешне, бо дуды звязаны і вядомы ва ўсёй Еўропе. У немцаў гэта дудэльзак, у літоўцаў – лабанора дуда, бэк-пайп у шатландцаў. Тут ужо да распаўсюды дуды далучыліся кельты, якія пад націскам Рымскай імперыі рассялялі Еўропу на Захад, на Ўсход, на Поўнач і Поўдзень.
Дарэчы менавіта з дуды пачалося захапленне спадара Алеся музычнай спадчынай Беларусі. На думку музыкі, гэты інструмент заслугоўваў быць сімвалам не толькі народнай, але і нацыянальнай музычнай культуры.
Алесь Лось:
Мне не хапала гукаў народнай скрыпкі, я ездзіў у экспедыцыі, вучыўся ў скрыпачоў граць і запісваў багата вельмі, не хапала гукаў ліры праўдзівых, пачаў рабіць свае эксперыменты, узяў за аснову слуцкую ліру. На Случчыне былі цэлыя вёскі, якія выраблялі ліры. Там была добрая традыцыя па вырабу, па акустыцы, па надзейнасці. Пачаў разам з дудой гэта рухаць. Вельмі доўга ўсё гэта ішло, але з дудой у 1981 годзе пачаў рабіць, год шукаў матэрыялы, бо нічога не было – толькі матэрыялы этнографаў.
Ад дуды да раялю. Зараз тут можна даведацца пра эвалюцыю музычных інструментаў на нашых землях. Што з’яўлялася правобразам скрыпкі і чаму каралевай аркестра яна зрабілася не адразу?
Алесь Лось:
Гэтая скрыпка – сябра дуды, яна прывандравала да нашых зямель даволі позна, гэта ўжо канец XVI – пачатак XVII стагоддзя, але яна была вельмі папулярнай сярод арыстакратыі і сярод простых музыкаў народных. Эвалюцыя скрыпкі была вельмі цікавай. Першы смычковы інструмент, які з’явіўся на тэрыторыі Еўропы, быў гэты цікавы інструмент, трохструнны гудок. Менавіта на такіх гудках гралі скандынавы, скамарохі на нашых землях, хадзілі з мядзведзямі. Мядзведзі танчылі пад гудкі свае танцы.
Ну а зараз, нават калі той самы мядзведзь на вуха наступіў, можна адчуць розніцу, як гэты інструмент з цягам часу гучаў усё больш вытанчанай і чым адрознівалася ігра на скрыпцы ў народзе і ў панскіх пакоях.
Алесь Лось:
Гэты гудок быў у вертыкальнай пазіцыі. Вісеў на пазку або ўпіраўся да калена, калі музыка сядзеў, пераважна гралі на ім стоячы.
А наступны па эвалюцыі інструмент – гэта віола гатыцкая. Гэта даўблёны гудок, толькі ў форме, падобнай да скрыпкі. Па вырабу гэта даволі просты інструмент, бо не трэба было нічога клеіць апрача верхняй дэкі. Гэта было выдзяўбана з дошкі кляновай паглыбленне, таму што гудок таксама выдаўблены, як лыжка. Зверху накладалася дэка, калкі яшчэ мелі старажытнае дабарочнае мацаванне, з’явілася чатыры струны. Гэта ўжо арабскі ўплыў, трошкі іншая філасофія была. І віола гатыцкая паднялася з такога стану ў такі, на ёй гралася на локці.
Ужо такі інструмент папаў у колы не толькі скамарохаў-мядзвяжатнікаў і бардаў, а ў колы арыстакратычных музыкаў. Пачалі на такіх інструментах іграць разам з флейтамі, з арганамі. І толькі падчас барока з’яўляецца скрыпка. Дзякуючы новай філасофіі Рэнэ Дэкарта, які стварыў фактычна эпоху барока як ідэолаг, а Джавані Маджыні і дынастыя Амаці распрацавалі новы інструмент. Замест гатыцкай скрыпкі, рэнесансавай і віолы, якія трымалі так, скрыпка паднялася яшчэ вышэй.
Алесь Лось:
Так сталася, што акрамя музыкі класічнай барокавай, скрыпка пачала служыць і музыкі народнай. Не маючы добрай школы, музыкі ігралі той жа тэхнікай, як на гудках, з падсечкай. Я прыкладна пакажу, як гралася полька-паспалітоўка.
Яна Шыпко:
Струну парвалі.
Алесь Лось:
Да, гэта конскі волас. Можа, прыйшоў яму час. Французы не любілі скрыпак і даволі позна пачалі культываваць смычковую музыку. Лічылася, што французскі арыстакрат не павінен граць конскім хвастом па барановым кішкам. У іх больш развіваліся духавыя інструменты. Гэта было нейкі час, потым іх спакусіў гук скрыпкі, віолы, віолы да гамбы.
А вось цымбалы з’явіліся на беларускіх землях толькі ў XVII стагоддзі. Разам з дудой і скрыпкай менавіта яны складалі траістую музыку, якая суправаджала батлейку.
Алесь Лось:
Гэта калядка, якую я граў на дудзе. Гэта «Го-го-го, каза, го-го-го, шэра».
Ствараюць батлейку, варожаць і частуюць блінамі. Паглядзіце, як у пасёлку Івянец адраджаюць старажытныя калядныя традыцыі – падрабязней далей.