«Жартаваў, што трэба пісаць пра сусветную тугу». Як пачынаўся творчы шлях беларускага сатырыка Кандрата Крапівы?
Навіны Беларусі. Хто той чалавек, які прынёс гэтым людзям столькі радасці і весялосці? Хто так тонка адчувае народны густ, валодае дасціпным словам, іскрыстым гумарам? Вось ён, гэты чарадзей, выдатны майстар сатыры, народны пісьменнік Беларусі Кандрат Крапіва, расказалі ў праграме «Цэнтральны рэгіён» на СТБ.
Кірыл Глод, загадчык музея Кандрата Крапівы, выкладчык гісторыі Ўздзенскай СШ № 2 імя К. К. Крапівы:
Сам Кандрат Крапіва навучаўся ва Уздзе некаторы час, аднак хутка вымушаны быў з’ехаць, таму што тут яму не хапала магчымасці для самаадукацыі. Ён змяніў некалькі вучылішчаў – Узда, Стоўбцы і Койданава, і ўсё ў пошуках добрай бібліятэкі і месца для самаадукацыі.
Яна Шыпко, карэспандэнт:
То бок, у яго заўсёды было такое імкненне да ведаў? Таму што ў сваіх успамінах ён узгадваў, як бацька казаў, што больш чым да 100 і не трэба лічыць. Навучыўся ў чатырох класах і хопіць.
Кірыл Глод:
Такі падыход, канешне, быў, і сам Кандрат Крапіва не думаў першапачаткова, што яго лёс апынецца такім насычаным, напрыклад, на навуковае жыццё. Кандрат Крапіва першапачаткова планаваў асесці на зямлі.
Яна Шыпко:
А ён з маленства штосьці пісаў, вершы складаў, ці гэта потым праявілася?
Кірыл Глод:
Гэта не з самага маленства – ужо было больш напярэдадні Першай сусветнай вайны, калі ён скончыў вучылішча, то пачаў пісаць першыя вершы.
Алена Атраховіч, кандыдат мастацтвазнаўства, унучка Кандрата Крапівы:
Калі ён быў юнаком, яшчэ вучыўся ў Койданаўскім вучылішчы, то натхніўся творамі Лермантава, Пушкіна і лічыў, што ў паэзіі, як ён жартаваў, трэба пісаць пра сусветную тугу. І напісаў шэраг лірычных вершаў, паказаў свайму настаўніку літаратуры, той пахваліў і яшчэ больш яго натхніў. І тады малады Кандрат Атраховіч дасылае верш у часопіс. Прыходзіць адказ. Там такая прыгожая папера з вензелямі, і напісана на рускай мове «Многоуважаемый Кондратий Кондратьевич».
Ён смяяўся, прачытаў і кажа: «Мяне з роду ніхто так не называў, але калі так звяртаюцца – значыць, спадабаўся мой верш». Але далей чытае, а там напісана: «Ваши стихи не имеют художественной ценности, потому мы их печатать не будем». Ён падумаў, што і не трэба. Гэта марная справа, тады і не трэба займацца паэзіяй. І ён закінуў гэтую справу на восем гадоў. Пасля вярнуўся, але ж да сатыры.
Да 125-годдзя Кандрата Крапівы. Паглядзіце на адзіны ў краіне музей пісьменніка – падрабязнасці тут.