Усю прыгажосць ксёндз ствараў сваімі рукамі. Чаму касцёл у Барысаве лічыцца адным з самых адметных?
Навіны Беларусі. Альпійскія горкі, водар лаванды і незвычайныя кампазіцыі з камянёў. Летам тут яшчэ прыгажэй. Але і пад снежным покрывам можна разглядзець мудрагелісты ландшафтны дызайн. Усю гэтую прыгажосць ксёндз Аляксей стварае сваімі рукамі. У кожнай задумцы сакральны сэнс, расказалі ў праграме «Цэнтральны рэгіён» на СТБ.
Аляксей Раманчук, пробашч Парафіі Спаслання Святога Духа ў Барысаве:
Калі вы былі ў Мазыры, то напэўна вы звярнулі ўвагу, што там вельмі прыгожа, як раз ксёндз Юзаф Булька нас вучыў, накіраваў на свае семінары, мы яму дапамагалі ўсё гэта ствараць. Зараз гэта вядомыя мясціны праз турыстаў, праз пілігрымаў, таму мне хочацца, каб невялічкі куточак, можа, не ў такой велічы і памерах, як там, але штосьці прыгожае хочацца і тут зрабіць. Па ходу будаўніцтва і праектавання нараджалася тая ці іншая ідэя. Паколькі вельмі шмат камянёў, камяні – гэта сімвал грахоўнасці людской, а кветкі – сімвал дабрадзейнасці, як раз такая пара зімовая, студзёная, калі снежна, марозна, холадна, здаецца, столькі рознага негатыва, нібы гэтых камянёў, але прыйдзе вясна, усё ўзыдзе. Зноў паявяцца гэтыя кветачкі. Маю гонар, ёсць алея французскай каралеўскай карлікавай лаванды, вельмі прыгожа і пахуча яна выглядае. Жарнавы малолі хлеб, а хлеб – гэта сімвал Хрыста. Ён сам пажадаў, каб быць гэтым хлебам, каб мы маглі дзяліцца з патрабуючымі. А паколькі гэта таксама частка нашай спадчыны прыгожай, таму гэтыя камяні, жарнавы сабраны з усіх рэгіёнаў Беларусі. Там, дзе вандраваў, я збіраў гэтыя камяні, яны ўмураваны ў гэтыя каплічкі, часовінкі. Думаю, што гэта не толькі модны аксесуар, але з гэтым звязана праца, быт нашых продкаў.
Адно з цэнтральных месцаў у парку пры касцёле займае фігура архангела Міхаіла. Яе разам з прыгожым абрамленнем усталявалі дзякуючы намаганням краязнаўцы і рэстаўратара Аляксандра. Дарэчы фігуры алтара, якія пробашч прывёз з Галандыі, таксама не былі адразу ў такім добрым стане.
Аляксандр Рэянтовіч, краязнаўца, рэстаўратар:
Яны прыехалі трохі ў пабітым стане, а мы з маім старэйшым сябрам займаемся адліўкай розных такіх фігур гістарычных персанажаў. Звярнуўся ён да нас, ці дапаможам мы. Я згадзіўся, потым паглядзеў. Адна справа – заліваць па форме, а калі там у Хрыста адбіты рукі, ці ў піеты адбіты ногі, ці ў маленькага Ісуса адбіты маленькія пальчыкі – як гэта рабіць? Але мне сябра сказаў не хвалявацца, усё зробім. Ён таксама ўсё гэта рабіў. Ён вельмі сціплы, завуць Крэсік Сяргей. Ён у Барысаве вядомы творчы чалавек. Гэта быў другі цуд, бо я думаў, што будзе тыдзень, месяц, а гэта мы ўсё зрабілі за пару дзён, гэта ўсё пры дапамозе мантажнай пены, шпаклёўкі і жадання штосьці зрабіць добрае. Пакінуць пасля сябе добры след. Гэта ўсё спрытна, хутка ўсё адбылося.
Калі храм так прыгожа аздоблены, не дзіўна, што ён прыцягвае творчых асоб. Зараз тут праходзіць выстава знакамітага фатографа Сяргея Плыткевіча. А неўзабаве ксёндз Аляксей спадзяецца, што яго касцёл стане адной з культурных кропак на турыстычнай карце Барысаўшчыны.
Аляксей Раманчук:
У гэтым годзе Барысаў лічыцца культурнай сталіцай нашай радзімы, я вельмі цешуся, што акрамя такога рэлігійнага жыцця, у нашай парафіі адбываецца яшчэ і культурна-асветніцкае жыццё. У гэтым дапамагаюць нам выставы мастацкія. У якой мы зараз знаходзімся. Гэтым разам Сяргея Плыткевіча. Я вельмі цешуся, што з такога прыгожага ракурса ён падае для ўсіх нас, думаю, для ўсёй сусветнай супольнасці, прыгажосць нашага роднага кута. Сапраўды, калі ўглядаешся ў гэтыя будынкі святынь, у прыгожую прыроду, у вольны свет, аж дзівішся, няўжо ў нас такое прыгожае ёсць.
Місія касцёла і ў захаванні традыцый. Для вернікаў Раство – адно з самых светлых святаў. Сямейныя звычаі з цягам часу амаль не змяняюцца.
Аляксей Раманчук:
Цяпер розныя спрыяюць аксесуары і промысел перадсвяточны, можна ўсё прыгожа аформіць, удэкараваць, стварыць сябе атмасферу. Але, напрыклад, у гілійны вечар, які наша сям’я перажывала, разам са сваімі сёстрамі мы зранку ладзілі ёлку, упрыгожвалі яе, затым бабуля з мамай пяклі пірагі, гатавалі стол, тата тапіў лазню, каб потым памыцца і быць чысценькімі. Таксама ўсё мела глыбокі падтэкст, таму што свята Божага Нараджэння хацелася сустрэць з чыстым сэрцам, пасля споведзі паяднаўшыся з Богам, і чыстым целам, папарыўшыся добра ў лазні. А перад гэтым трэба было пасціць. Вечарам, калі ўжо ўзыходзіла зорка, мой быў абавязак – выглядзець гэтую зорку. А калі ўжо ўзышла, я бег у хату і казаў, што зорка ёсць, можна садзіцца. Бабуля падрыхтавала стол. На голы стол лажылася сена, дастаткова шмат гэтага сена было. Талеркі з рознымі гатункамі ледзь не папераварочваліся. Была ў печы зробленая куцця, ставіўся кацялок на сена, на абрус. Абрус павінен быў быць белым на знак чысціні Ісуса Хрыста і радасці. Затым чыталася малітва, спявалася калядная песня. Старэйшы з роду павінен браць вось такі аплатачак. Павінен ламацца, я хачу з вамі таксама паламаць. Аплатачак – сімвал Хрыста. І складалі адзін аднаму віншаванні, перапрашалі адзін аднаго, з надзеяй глядзелі на надыходзячы Новы год, прасілі ў Бога бласлаўлення.
Гэтай падзеі мясцовыя парафіяне чакалі 10 гадоў. У Барысаве вернікі сустрэлі Нараджэнне Хрыста ў новым касцёле – чытаць падрабязней.