Гэтай падзеі мясцовыя парафіяне чакалі 10 гадоў. У Барысаве вернікі сустрэлі Нараджэнне Хрыста ў новым касцёле
Навіны Беларусі. Светлае свята Нараджэння Хрыста вернікі ў Барысаве ў гэтым годзе сустрэлі ў новым касцёле. Пасвячэнне новаўзбудаванай святыні Касцёла Спаслання Святога Духа адбылося толькі летам. Гэтай падзеі мясцовыя парафіяне чакалі 10 гадоў, расказалі ў праграме «Цэнтральны рэгіён» на СТБ.
Аляксей Раманчук, пробашч Парафіі Спаслання Святога Духа ў Барысаве:
Ёсць вельмі шмат прыгожых куточкаў у нашай сінявокай бацькаўшчыне. Я вельмі цешуся, што такі куточак ёсць прыгожы на Барысаўшчыне. Гэтую зямлю ўпрыгожыла новапаўсталая святыня, якая зусім маладзенькая. Гісторыя толькі ствараецца. Аднак, дзякуючы выдатнаму касцёльнаму і рэлігійнаму дзеячу, першаму кардыналу Беларусі Казіміру Свёнтку ў 2000 годзе, гэтая парафія стварылася. Потым, дзякуючы намаганням мясцовых вернікаў і дзяржаўных мясцовых улад, была выдзелена тэрыторыя ў новай частцы горада, пры ўездзе ў горад у лясочку да будовы парафіі, таксама будаўніцтва святыні. Не адразу яна пабудавалася.
Дагэтуль у Барысаве, адным з буйнейшых райцэнтраў цэнтральнага рэгіёна, існаваў толькі адзін касцёл, які памятае яшчэ Напалеона. Новы касцёл з’явіўся ў маладой частцы горада. Для каталіцкай супольнасці гэта быў сапраўдны падарунак.
– Вы калі прыехалі ў Барысаў, тут нічога не было?
– Калі я прыехаў, быў лес, было агароджа, быў гаспадарчы будынак, у якім была часовая капліца, дзе збіраліся вернікі на малітву. Гэты будынак паўстаў дзякуючы намаганням маіх папярэднікаў. У 2013 годзе, калі я сюды прыехаў, з ласкі Божай, з дапамогай святога Юзафа, абранніка Багародзіцы, вельмі цудоўны дапаможны святы ў такіх нялёгкіх справах, як будова святыні, мы пачалі намаганні рабіць, каб пачаць будову.
Яна Шыпко, карэспандэнт:
Будавалі касцёл літаральна ўсім светам. І тыя, хто ахвяраваў свае сродкі на будаўніцтва, атрымоўваў памятныя цаглінкі. Акцыя працягваецца і зараз. Можна падтрымаць развіццё касцела, які сёння з’яўляецца ня толькі духоўным, але і асветніцкім цэнтрам для мясцовых вернікаў.
Незвычайную акцыю прыдумаў ксёндз пробашч Аляксей Раманчук. Дзякуючы яго намаганням і шматлікім падарожжам па ўсёй Беларусі і за мяжой, людзі дапамагалі хто чым можа. Так касцёл паступова ўзнімаўся цаглінка за цаглінкай.
– Я чула, што вернікі вам вельмі ўдзячныя, таму што вы самі шмат падарожнічалі па ўсёй краіне і ня толькі, вы збіралі сродкі.
– Гэта акцыя яшчэ і далей працягваецца, і вам з радасцю прапаную. А калі хто з добрых людзей яшчэ і пабачыць гэтую гісторыю і гэты рэпартаж, будучы ў Барысаве, сапраўды варта прыехаць дзеля цікавасці, а калі хто цікавіцца мастацтвам, культурай, то думаю, што ёсць што паглядзець. Паколькі трэба было шмат падарожнічаць па Беларусі нашай і за межамі нашай бацькаўшчыны, я сустракаў вельмі добразычлівых людзей, якіх упершыню бачыў, якія з радасцю адкрываліся на нашую патрэбу ў будаванні святыні.
Маленькай дапамогі не бывае. Зараз у якасці падзякі ўсім, хто ахвяраваў на будаўніцтва касцёла, памятныя надпісы на розных мовах. Атрымалася цэлая сцяна дабрыні, якая быццам кажа: разам усё магчыма.
Аляксей Раманчук:
Мне вельмі хацелася ўдзячыць і ўвекавечыць іх дабрыню, памяць такім чынам, як вы можыце зараз бачыць. Ідэю я зачарпнуў з Санктуарыі Маці Божай у Люрдзе. Гэта Францыя, дзе кожны год мільёны пілігрымаў і турыстаў збірае вакол свайго падножжа Маці Божая цудоўная, якая аб’явілася ў 19 стагоддзі. Калі яшчэ ў серым выглядзе гэты касцёл быў, я ўжо пачаў вырабляць мрамарныя гранітныя таблічкі – удзячнасць тым людзям, якія за гэты час дапамаглі. Сапраўды, геаграфія гэтых цаглінак вельмі шматлікая, уся Беларусь, розныя вобласці, Італія, Нямеччына, Амерыка, Літва, Польшча, Аўстрыя, Нідэрланды.
З кожнай вандроўкі ксёндз Аляксей імкнуўся прывезці для касцёла штосьці адметнае, атрымалася сапраўды ўнікальнае ўбранства. Скульптуры з Галандыі, кафля з Італіі, нават скамейкі з Аўстрыі.
Аляксей Раманчук:
Вось, бачыце, вельмі прыгожыя велічныя фігуры, якія ўпрыгожваюць нашую святыню. Гэта зроблена галандскімі майстрамі. Не пабаюся сказаць, што аналагаў такіх у Беларусі няма, таму што, па-першае, памеры, тэхнікі выканання, афарбоўка вельмі спецыфічная, якасная. Я разам з вернікамі-барысаўчанамі ганаруся, што ў мяне такія рэчы ёсць.
Яна Шыпко:
А што вас падштурхоўвала ўсё гэта рабіць, збіраць? Сапраўды адчувалася, што ёсць неабходнасць, каб быў касцёл?
Аляксей Раманчук:
Зараз на перспектывы гэтых пражытых гадоў глядзіш зусім па-іншаму. Успрымаеш рэчаіснасць, гісторыю па-іншаму. А тады Бог даваў такое вялікае прагненне служэння перад усімі людзямі, пану Богу, нашай зямельцы. Таму даваў у сэрцы прагненне хутчэй гэта рабіць.
А зазірнуць у гэты куток пробашч раіць маладым, якія клапоцяцца пра сямейную будучыню. Зарад моладзь ведае ў асноўным Святога Валянціна, але менавіта Святы Аляксей чалавек божы лічыцца заступнікам сем’яў. Невыпадкова гэтая фрэска зроблена пад лесвіцай. Будучы святы нарадзіўся ў багатай сям’і. Але адмівіўся ад зямных благ і пакінуў дом. Пасля 17 гадоў жыцця ў аскезе ён вярнуўся да дому, але бацькі не пазналі ў жабраке свайго сына.
Аляксей Раманчук:
Ён не хацеў сябе выдаваць, а хацеў як Богу адданы чалавек застацца невядомым. Яму выдзелілі месца ў бацькоўскім домам пад лесвіцай. Вось чаму гэтая капліца пад лесвіцай. Там ён адышоў у вечнасць. У гэтай капліцы невялічкі кошычык, падобныя скрутачкі ёсць тут. Тут знаходзяцца розныя рэкамендацыі, добрыя думкі, якія раюць сем’ям тыя ці іншыя рэчы, што выбраць.
Усю прыгажосць ксёндз ствараў сваімі рукамі. Чаму касцёл у Барысаве лічыцца адным з самых адметных – чытаць падрабязней.