Рубрыка Ігара Марзалюка «Сімвалы беларускай вечнасці». Праект пра веліч беларускай гістарычнай традыцыі і дзяржаўнасці.
Рубрыка Ігара Марзалюка «Сімвалы беларускай вечнасці». Праект пра веліч беларускай гістарычнай традыцыі і дзяржаўнасці.
Ігар Марзалюк, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук, доктар гістарычных навук, прафесар:
Сёння наша размова будзе пра гімны Беларусі ад старажытнасці і да сучснасці.
Гімн з’яўляецца адным з дзяржаўных сімвалаў разам з гербам і сцягам. Першапачаткова гімнам называлася ўхвальная песня ў гонар багоў у Старажытнай Грэцыі. Даследчыкі падкрэсліваюць падабенства паміж старажытнагрэчаскім словам «гімн» і словам «ткаць». Гэта значыць, слова «гімн» літаральна азначае «сатканае слова, песня».
Сучаснае азначэнне слова «гімн» – гэта ўрачыстая песня, якая выконваецца падчас нацыянальных святаў і афіцыйных цырымоній. Дзяржаўны гімн – адзін з дзяржаўных сімвалаў, урачысты музыкальны ці музыкальна-паэтычны твор, які выконваецца ў выпадках, прадугледжаных законам. Перш за ўсё пры афіцыйных святах, мерапрыемствах, цырымоніях і рытуалах. Падчас яго выканання прынята ўставаць.
Ігар Марзалюк:
Самым старажытным нашым гімнам лічыцца песня-малітва «Багародзіца, дзева, радуйся!» Гэта гімн беларускіх воінаў часоў Грунвальда. «Багародзіцу» спявала войска ВКЛ і Польшчы перад Грунвальдскай бітвай 1410 года. Гэты гімн спявалі таксама перад іншымі бітвамі як баявую песню і народны гімн. Менавіта таму яе і звалі песняй Айчыны. Гімн «Багародзіца» моцна звязаны з візантыйскімі традыцыямі, утрымлівае шматлікія аналогіі з праваслаўнай літаратурай Вялікага Княства Літоўскага. Асобныя даследчыкі, у тым ліку польскія, лічаць, што вытокі гэтага гімна – у творчасці Кірыла Тураўскага. Падобную да гімна «Багародзіца» лексіку знаходзім у такіх творах Кірылы Тураўскага, як «Слова ў нядзелю кветную», «Слова на Сабор», «Слова на Антыпасху».
Найстарэйшы старабеларускі кірылічны тэкст «Багародзіцы» (вядомы на цяперашні час) змешчаны ў пачатку Статута ВКЛ 1529 года, дзе гэты гімн мае назву «Пѣснь ώ вєлєбнои дѣвици Паннѣ Марии».
Ігар Марзалюк:
Мінуў час. Пачалося Беларускае Адраджэнне. Беларускі народ адчуў патрэбу ў стварэнні ўласнай нацыянальнай дзяржавы і ўласнага нацыянальнага гімну. Першым беларускім нацыянальным гімнам лічыцца верш, напісаны ў 1908 годзе нашым нацыянальным геніем Янкам Купалам, – «А хто там ідзе?» Напісанне музыкі да гімну «А хто там ідзе?» датуецца 1910 годам. Тады ж верш быў надрукаваны ў віленскай друкарні Марціна Кухты рэдакцыяй газеты «Наша Ніва» ў выглядзе асобнай брашуры. Напісаў музыку да гэтага верша Людамір Міхал Рагоўскі. Ён лічыцца польскім кампазітарам, але цягам трох гадоў – з 1909 да 1912-га – жыў у нашай Вільні, добра ведаў беларускае асяроддзе нашай старадаўняй сталіцы, сябраваў з беларускімі пісьменнікамі і паэтамі. Яго маці паходзіла з Віленшчыны, а нянька над яго калыскай спявала беларускія народныя песні. Таму не толькі польская «крэсовая» культура, але і беларуская літаратура, і беларускі спеў для яго не былі чужыя.
Ігар Марзалюк:
«Не пагаснуць (у іншым варыянце «не загаснуць») зоркі ў небе». Словы Янкі Купалы, музыка Мікалая Янчука. Гэта другая па часу песня, што прэтэндавала на статус нацыянальнага беларускага гімна. Захаваліся дакументы, дзе тэкст песні азагалоўлены азначэннем «Беларускі гімн». Янка Купала напісаў гэтыя радкі ў 1911-м. Аўтар музыкі – Мікалай Янчук. Ён нарадзіўся на беларускім Падляшшы. Літаратурны псеўданім яго, дарэчы, – Беларусін. Гэты чалавек быў адораны напоўніцу талентамі. Ён быў і кампазітарам, і этнографам-славістам, цікавіўся археалогіяй і антрапалогіяй. Гімн «Не пагаснуць зоркі ў небе» быў асабліва папулярны сярод беларусаў-бежанцаў у 1917-1918 гадах, мусіўшых пакінуць Бацькаўшчыну ў ліхія часіны Першай сусветнай вайны.
Ігар Марзалюк:
Але сапраўдным нацыянальным гімнам стаў тэкст верша «Ад веку мы спалі», іначай названы «Беларускай марсельезай». Гэтая песня ўпершыню была пачута ў 1906 годзе ад рэвалюцыйнага сялянства на Случчыне. Потым, згодна гэтай прыгожай легендзе, быццам бы случакі прывезлі яе на Усебеларускі з’езд у снежні 1917 года ў Мінск, дзе яе і пачалі спяваць дэлегаты. І песня распаўсюдзілася ў якасці гімна па ўсёй Беларусі. Сапраўдны аўтар музыкі не высветлены да сёння. Традыцыйна лічылася, што гэта кампазітар Уладзімір Тэраўскі. Але сам Тэраўскі ў складзеным ім спеўніку падае гэту песню ў якасці народнай. Зараз гэта меркаванне аспрэчваецца. Але пэўна ведаем, што словы да гэтага гімна склаў Аляксандр Мікульчык.
Праўда ў тым, што «Беларуская марсельеза» («Адвеку мы спалі») сапраўды з 1917 года выконвала ролю агульнанацыянальнага гімна Беларусі і беларусаў. Усе беларусы, прадстаўнікі ўсіх беларускіх палітычных плыняў спявалі гэты гімн на Усебеларускім з’езде ў снежні 1917 года. Але самае цікавае, што і тыя з беларускіх актывістаў, якія спрабавалі стварыць БНР, і тыя, што здолелі стварыць БССР, мелі адзін і той самы гімн – «Беларускую марсельезу». Але акрамя нацыянальнага гімна быў яшчэ адзін гімн, які спявалі, зноў-такі, і тыя, і другія.
Як вядома, аснову першага ўраду БНР складалі сацыялісты. Таму не дзіўна, што акрамя «Беларускай марсельезы» яны спявалі і «Інтэрнацыянал», міжнародны пралетарскі гімн. Паседжанні, што першага ўраду БНР, што першага ўраду ССРБ (пазнейшай БССР), пачыналіся са спеваў «Інтэрнацыяналу», а потым спявалі «Беларускую марсельезу». «Інтэрнацыянал» – гімн СССР, «Беларуская марсельеза» – гімн БССР у міжваенны час. Але не толькі БССР. Гэта быў і гімн беларускага нацыянальнага руху ў Заходняй Беларусі.
Ігар Марзалюк:
«Ізноў хлусіце, спадар Марзалюк» – загалосяць разгневаныя «спецыялісты». Гімнам БНР быў «Ваяцкі марш» беларускага паэта Макара Краўцова!
«Соврамші вас», спадарове. У чарговы раз. Як вядома, Макар Краўцоў напісаў «Ваяцкі гімн» у 1919 годзе і надрукаваў яго ў газеце «Беларусь» у акупаваным палякамі Мінску. Ён быў актыўным удзельнікам прапольскай Вайсковай камісіі, якая спрабавала скамплектаваць з беларусаў вайсковыя часткі ў складзе Войска Польскага. Натхнёны такой перспектывай, ён і напісаў свой верш «Ваяцкі гімн». Насуперак вашай хлусні крыніцы сведчаць, што Макар Краўцоў у ліпені 1920 года эвакуяваўся ўглыб Польшчы, не браў удзелу ў так званым Слуцкім паўстанні. А яго верш ніводнага дня не выкарыстоўваўся ні як гімн БНР, ні як гімн слуцкіх паўстанцаў.
Ды і не мог выкарыстоўвацца хоць бы таму, што аўтар мелодыі, кампазітар Уладзімір Тэраўскі, апублікаваў гімн з нотамі ў сваім зборніку толькі ў 1921 годзе. А потым два варыянта «Ваяцкага гімну» кампазітарам Тэраўскім былі апублікаваны ў яго спеўніку для беларускіх чырвонаармейцаў у Менску ў 1926 годзе. Толькі там замест радкоў пра штандар «бела-чырвона-белы» у БССР спявалі іначай: «Хай перарве ўсе прапоны наш беларускі родны дух! Свабодны сцяг, штандар чырвоны, пакрый сабой народны рух!»
Беларускай нацыянальнай песняй (гімнам нямецкія акупанты яго называць не дазвалялі) «Ваяцкі гімн» стаў толькі ў акупаванай нацыстамі Беларусі. Верш быў перайначаны беларускімі нацыяналістамі ў 1941 годзе. Немцы забаранілі ўжываць словазлучэнне «рэспублікі сваёй». У нацысцкім варыянце гімна з’явіліся словы «жыццё Бацькоўшчыны сваёй». У новай рэдакцыі немцы дазволілі гэты гімн пець. Гэта праўда. Так што «Ваяцкі гімн» гімнам гістарычнай БНР не быў ніводнага дня. А вось вайсковым гімнам тэрытарыяльных беларускіх частак Чырвонай арміі ў Беларусі ў 20-х гадах мінулага стагоддзя, у эпоху беларусізацыі, у БССР безумоўна з’яўляўся.
Ігар Марзалюк:
Сучасны ж дзяржаўны гімн з’яўляецца пераемнікам гімна Беларускай ССР, што з’яўляецца сімвалічным сведчаннем павагі да гісторыі беларускай дзяржаўнасці. Новы гімн Беларускай ССР быў створаны ў 1944 годзе. Музыка Нестара Сакалоўскага, словы Міхаіла Клімковіча. З’яўляўся дзяржаўным гімнам у 1955-1991 гадах. Затым, да 2002 года, дзяржаўны гімн выконваўся без слоў, а ў 2002 годзе на музыку гэтага гімна былі пакладзены перапрацаваныя вершы.
Са студзеня 2002 года была зацверджана камісія па правядзенні конкурсу на стварэнне тэксту і музыкі Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь. Усе версіі гімна, прадстаўленыя на конкурс, трансліраваліся 6-9 чэрвеня 2002 года па беларускім тэлебачанні і радыё, каб грамадзяне краіны маглі зрабіць свой выбар. У грамадстве адбывалася актыўнае і зацікаўленае абмеркаванне новай дзяржаўнай ініцыятывы.
Грунтуючыся на дадзеных апытанняў грамадскай думкі, конкурсная камісія 10 чэрвеня 2002 года рэкамендавала для зацвярджэння музыку Нестара Сакалоўскага і тэкст Міхася Клімковіча і Уладзіміра Карызны. А ўжо 2 ліпеня 2002 года Указам Прэзідэнта № 350 «Аб Дзяржаўным гімне Рэспублікі Беларусь» зацверджаны тэкст i музычная рэдакцыя (ноты) Дзяржаўнага гімна.
Глыбокі сімвалізм Дзяржаўнага гімна, які мае вытокі ў гісторыі нашай беларускай дзяржаўнасці, адсылае нас да нашай велічнай традыцыі, да нашай нацыянальнай гісторыі, да нашай беларускай вечнасці.
Подписывайтесь на нас в Telegram!