Чаму беларускі драматург пісаў пад прозвішчам Крапіва, і які яшчэ невядомы псеўданім у яго быў?
Навіны Беларусі. «Ах ты, свінтус грандыёзус!» Напэўна, усе з маленства чулі гэты выраз, але адкуль ён пайшоў у народ? Вядома, належыць гэты перл, як і шматлікія іншыя, востраму пяру бацькі беларускай сатыры Кандрату Крапіве. Чаму Крапіва, і які яшчэ дагэтуль невядомы псеўданім меў знакаміты байкапісец і драматург? Ці шмат ён смяяўся ва ўласным жыцці? Як прайшоў чатыры вайны і самай моцнай зброяй абраў гумар? Праграма «Цэнтральны рэгіён» на СТБ прысвечана 125-годдзю адной з самых выбітных постацяў беларускай літаратуры.
Яна Шыпко, карэспандэнт:
Якая легенда, адкуль прозвішча Крапіва?
Кірыл Глод, загадчык музея Кандрата Крапівы, выкладчык гісторыі Ўздзенскай СШ № 2 імя К. К. Крапівы:
Лічыцца, што Крапіва ўзяў сабе такі псеўданім, бо ён разлічваў на тое, што ён, яго творы будуць асацыявацца з фігурай чалавека, які не баіцца выказваць крытыку.
Я ў мастацкім агародзе толькі марная трава.
А якая? Смех, дый годзе: я – пякучка-крапіва.
Алена Атраховіч, кандыдат мастацтвазнаўства, унучка Кандрата Крапівы:
Па-першае, ён падбіраў матэрыялы для кожнага выдання, таксама і сам пісаў сатырычныя фельетоны, вершы. Цікава, што ён друкаваўся не толькі пад сваім прозвішчам, але ў яго быў асобны псеўданім, пад якім ён нярэдка друкаваўся ў выданні «Раздавім фашысцкую гадзіну». На першы погляд, вас можа здзівіць гэты псеўданім – Астапчук. Узнікае адразу пытанне – чаму менавіта такі псеўданім? Крапіва – зразумела, а чаму такі?
Пра гэта ведаем толькі мы, самыя родныя. Справа ў тым, што ў вёсцы, Нізку, ёсць традыцыя – даваць мянушкі адзін аднаму. І зараз так ёсць. Там, чамусьці, спакон веку сям’ю Кандрата Крапівы называлі Астапавы ці Астапчукі. Чаму – ніхто не ведае, але і зараз гэтая мянушка захоўваецца.