Незабыўныя ўражанні: навошта замежныя дыпламаты чыталі вершы па-беларуску

Навіны Беларусі. Сёння ў Беларусі адзначылі Дзень роднай мовы. Ужо традыцыйна гэта міжнароднае свята збірае прадстаўнікоў дыпламатычнага корпуса краіны.

Паслы з 37 дзяржаў у гэты раз чыталі вершы Янкі Купалы.

У 2017 споўніцца 135 год з дня нараджэння народнага пісьменніка. А тым часам музей іншага класіка – Якуба Коласа – зладзіў публічную дыктоўку-віктарыну, паведамілі ў праграме Навіны «24 гадзіны» на СТБ.

Валынка, а капэла і народныя касцюмы. Так сустракалі сёння Дзень роднай мовы ў МЗС. У зале – увесь дыпкорпус Беларусі, паслы з 37 краін свету. Носьбіты зусім розных моў чытаюць радкі з паэзіі неўміручага класіка.

Не без акцэнту, але дакладна, па-беларуску.

Фіона Гіб, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Вялікабрытаніі ў Рэспубліцы Беларусь:
Ты прыйдзі да мяне вясной, кветкай прыйдзі

Сляды Купалы – і, вядома ж, беларускай мовы – ёсць у кожнай часціне свету.

У амерыканскім штаце Нью-Йорк, напрыклад, помнік пісьменніку побач з выявамі Пушкіна, Шаўчэнкі і Ўітмэна. Пра колькасць перакладаў і ўзгадваць няварта.

Карлас Ларэя Давіла, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Эквадор ў Рэспубліцы Беларусь:
Я чытаў Купалу ў іспанскім перакладзе. Ведаеце, вельмі моцны і дакладны пераклад. Незабыўныя ўражанні. Я лічу, што беларускую мову і культуру трэба больш рэкламаваць у свеце.

Петэр Дэтмар, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Федэратыўнай Рэспублікі Германія ў Рэспубліцы Беларусь:
Я бачу, што беларуская мова ў вашай краіне вельмі распаўсюджана. У горадзе – шыльды па-беларуску, назвы вёсак – таксама. У вас беларускамоўныя газеты, праграмы на тэлебачанні.

Юлія Кішкурна, вядучы навуковы супрацоўнік Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа:
Вы зараз атрымалі заданні. Перад кожным з вас напісаны ўрывак з твора Якуба Коласа.

А гэта ўжо іншы класік. Дыктоўка-віктарына па творах Якуба Коласа збірае мінскіх школьнікаў.

Зладзілі яе супрацоўнікі музея. Прынамсі, гэта не экзамен, а хутчэй карысная гульня, хоць і з адзнакамі.

Юлія Кішкурна:
Якуб Колас быў адным з заснавальнікаў сучаснай беларускай літаратурнай мовы, і таму не дзіўна, што ў юбілейны год мы вырашылі правесці такую акцыю.

Вышэйшую адзнаку – 10 балаў – не атрымаў ніхто. Але для ўдзельнікаў дыктоўкі яшчэ ўсе наперадзе. Самі супрацоўнікі музея такую акцыю называюць «творчым стартам».

Ладзяць упершыню, але спадзяюцца і на зацікаўленасць моладзі, і на яе актыўны ўдзел.

Вікторыя Логвінава, навучэнка Беларускай дзяржаўнай акадэміі сувязі:
Кожны чалавек павінен паважаць і берагчы родную мову.

Навукоўцы адзначаюць: беларуская мова – унікальная. Па-першае, самая мілагучная пасля італьянскай.

Па-другое, праз яе перадаецца і характар саміх беларусаў: мяккі, разважлівы. Па-трэцяе, нашыя дыялекты налічваюць два мільёны словаў, кожнае з якіх мае дзясяткі сінонімаў.

Зміцер Баяровіч, СТБ:
Сёння ў Беларусі адбыліся дзясяткі мерапрыемстваў, прысвечаных святу. Але галоўнае – нават не яны. А выдатная нагода для кожнага беларуса зноў узгадаць, што мы – носьбіты адной з самых прывабных і багатых моў у свеце. Якая – прынамсі становіцца прыгажэйшай, калі на ёй размаўляць штодзённа.