Дзейнасць вялікага асветніка і кнігадрукара Спірыдона Собаля

Сёння цяжка сабе ўявіць, што некалькі стагоддзяў таму кніга і  зямельны надзел мелі аднолькавы кошт. Даступнай многім кніга стала толькі ў 15 стагоддзі, як толькі з’явілася папера. Аднак першапачаткова без праблем не абышлося. Уся справа ў тым, што царква доўгі час была адзіным выдаўцом літаратуры, якая выкарыстоўвалася для набажэнстваў. Тады кнігі перапісвалі ўручную месяцамі, не дазвалялася ўносіць у тэкст ўласныя каментары ці тлумачэнні. Пасля з’яўлення паперы, царква стала змагацца з друкаваннем «слова божага» на гэтым нетрывалым матэрыяле.

У 15 стагоддзі чытанне набывае звыклы для нас характар. З гэтага моманту пачынаецца чытанне ўшыр. Кніга становіцца больш даступнай. Але для авалодання навыкаў чытання, неабходна было стварэнне спецыяльнай вучэбнай літаратуры.

Вялікую ролю ў яе з’яўленні адыграў Спірыдон Собаль, вялікі асветнік і кнігадрукар, з дзейнасцю якога мы сёння і пазнаёмімся.

Дакладная дата нараджэння Спірыдона Багдановіча Собаля невядома. Лічаць, што ён нарадзіўся ў апошняй палове 16 стагоддзя ў сям’і бургамістра Магілёва.

У родным горадзе ён скончыў брацкую школу, якую крыху пазней узначаліць і сам. А пакуль з’язджае на навучанне ў Кіева-Пячэрскую лаўру, дзе дасканала авалодвае друкарскай справай і адкрывае тут ўласную друкарню.

У родны Магілёў Спірыдон Собаль вярнуўся ў 1630 годзе па запрашэнню праваслаўнага магната Багдана Статкевіча заснаваць друкарню ў Куцеінскім мужчынскім манастыры ў Оршы.

Ужо праз год вялікі асветнік надрукаваў тут кірыліцай некалькі кніг, у іх ліку і знакаміты «Буквар», які меў каласальнае значэнне ў распаўсюджанні асветы не толькі на тэрыторыі Беларусі.

Выдавецкая дзейнасць Спірыдона Собаля таксама працягвалася і ў Буйніцкім манастыры, дзе ён ізноў пры падтрымцы Багдана Статкевіча адкрывае друкарню.

Доўгі час Собаль меў зносіны з украінскімі, польскімі і маскоўскімі друкарамі. Ёсць  таксама звесткі, што ў 1637 годзе ён прадаў металічныя літары для друкавання, так званыя матрыцы, маскоўскаму калегу. А ў 1639 годзе ён напісаў пасланне да рускага цара, у якім звярнуўся з прапановай адкрыць друкарню ў Маскве і стварыць школу для «юных падлеткаў». Аднак цар яго прапанову не прыняў, таму што лічыў, што беларускі друкар сваімі кнігамі мог пасеяць ерась і смуту сярод праваслаўных расейцаў.

Нягледзячы на такія забароны, Спірыдон Собаль працягнуў выпуск кніг і асветніцкую справу на роднай зямлі.

Спірыдона Собаля прыклаў вялізныя намаганні для асветы беларускага народна, пераацаніць якія немагчыма.