Антон і Дынара Смольскія – чэмпіёны. Ганна Сола і Ілья Аўсеенка – сярэбраныя прызёры, паведамілі ў праграме «СТБ-Спорт».
Такія вынікі адзіночнай змешанай эстафеты ў рамках Кубка мацнейшых па біятлоне, чарговая гонка адбылася ў «Раўбічах». Лідары мужчынскай і жаночай нацыянальных зборных на 8 агнявых рубяжах дапусцілі такую ж колькасць промахаў. Аднак хуткі ход дазволіў падняцца на верхнюю прыступку п'едэстала. Сярэбраная інтрыга захоўвалася да апошніх метраў дыстанцыі. Ілья Аўсеенка здолеў апярэдзіць сапернікаў з Расіі і прынёс другі медаль. На дадзены момант у скарбонцы гаспадароў 3 золата, 3 срэбра і 2 бронзы. 22 лютага ў «Раўбічах» пройдзе класічная змешаная эстафета.