Касцёл у цэнтры пабудаваны з такой цэглы, як польскія стражніцы. Што засталося ў Ракаве з 1920-х?
Навіны Беларусі. Зараз імгненна перасякаецца больш не існуючы кардон, паведамілі ў праграме «Цэнтральны рэгіён» на СТБ. Калісьці на гэтым месцы, дзе пачынаецца Валожынскі раён, праходзіла мяжа паміж Савецкай Беларуссю і Польшай. Мы рухаемся ў Ракаў. Гэты пасёлак набыў славу сталіцы кантрабандыстаў, а вядомым на ўвесь свет стаў дзякуючы Сяргею Пясецкаму. Аўтар біяграфічнага раману «Каханак Вялікай Мядзведзіцы» маляўніча апісвае тагачаснае жыццё Ракава і прадстаўнікоў гэтай рамантычнай, але вельмі рызыковай справы.
Ігар Мельнікаў, кандыдат гістарычных навук, аўтар экскурсійнага маршрута:
Гэты помнік паставілі ў 2019 годзе – своеасаблівы знак у памяць Сяргея Пясецкага, які пахаваны ў Велікабрытаніі, але памяць пра яго твор «Каханак Вялікай Мядзведзіцы» жыве не толькі ў Ракаве, але і ва ўсёй Беларусі.
Яна Шыпко, карэспандэнт:
Што гэта быў за чалавек? Рамантык, авантурыст?
Ігар Мельнікаў:
Чалавек, які рамантычна апісаў гісторыю таго памежжа ў 20-я гады. Ракаў, дзякуючы Сяргею Пясецкаму, стаў вядомым на ўвесь свет як своеасаблівы беларускі Лас-Вегас, тэрыторыя, дзе былі рэстарацыі, гатэлі, меліны. Сёння гэта проста звычайная вёска, але дзякуючы Сяргею Пясецкаму мы ведаем і тое, што мяжа – гэта былі і выведнікі, і барацьба савецкай памежнай службы з польскім КАП, розныя аспекты вельмі цяжкага жыцця беларуса на мяжы цывілізацый.
Я трымаю ў руках ДПУшную анкету. Зразумела, гэта ўжо рэканструкцыя, знятая с арыгінальнай анкеты. Такія складаліся ў тым ліку і на паслядоўнікаў Сяргея Пясецкага, якія пераходзілі мяжу.
Яна Шыпко:
Якім не пашанцавала…
Ігар Мельнікаў:
Так, якіх паймалі ці якія адмыслова ішлі ў рукі памежнікаў, каб застацца, напрыклад, у Савецкім Саюзе.
Яна Шыпко:
А былі такія з Польшы, хто хацеў застацца ? А чым яны кіраваліся?
Ігар Мельнікаў:
Моладзь хацела вучыцца ў ВНУ бескаштоўна, бо была інфармацыя, што ў Савецкай Беларусі можна вучыцца па-беларуску і бескаштоўна. Працаваць, таму што ў паўночна-ўсходніх ваяводствах Рэчы Паспалітай было кепска з працай, а тут нібыта была, і можна было нармальна, спакойна працаваць. Але ж тых, хто пераходзіў мяжу, вельмі часта не пакідалі на жыццё або працу ў БССР, іх накіроўвалі далёка ў Сібір ці за Ўрал. Так было да 1939 года.
Яна Шыпко:
Я ведаю, што ў гэты час ужо паступова выцяснялася кантрабандысцкая дзейнасць.
Ігар Мельнікаў:
Сяргей Пясецкі пісаў пра 1920 гады. У 30-я ён ужо не пісаў, не жыў на памежжы, але 30-я гады – гэта зусім іншая рэчаіснасць. Гэта ўжо больш моцная ахова, умацаванні савецкага боку.
Дарэчы, наш сённяшні гід – не толькі знакаміты гісторык, але і аўтар кніг пра малавядомую гісторыю Заходняй Атлантыды. Так ён заве беларускія землі, якія ў міжваенны час адышлі да Польшы. Напрыклад, над апошнім раманам спатрэбілася працаваць цэлых 15 год, каб здабыць унікальныя гістарычныя звесткі.
Ігар Мельнікаў:
Вось цэнтр Ракава, касцёл, які яшчэ цікавы тым, што ён пабудаваны з цэглы, з якой пабудаваны шэраг польскіх стражніц Корпуса аховы памежжа. Менавіта такі светлы колер. Касцёл яшчэ зафіксаваны на гэтым здымку – 17 верасня 1939 года, вось гэтая вулачка, па ёй ужо рухаецца савецкая вайсковая тэхніка. Гэта ўжо аб’яднанне Заходняй Беларусі з БССР.
Яна Шыпко:
Нічога не захавалася, акрамя касцёла, так?
Ігар Мельнікаў:
На гэтай вулачцы дамы, яны ўжо перароблены, але Ракаў – гэта адзін з першых пунктаў, куды зайшла Чырвоная армія ў 1939 годзе. Да вайны гэта вялікая колькасць рэстарацый, гатэлей, шыкоўныя цэнтры, меліны кантрабандыстаў. 1939-1941 год – ужо досыць цяжкае існаванне, але да 1939 года тут былі цэнтры польскай выведкі. Зусім блізка, за лесам, была ўжо Савецкая Беларусь. Там была застава Вялікае сяло, якая ў 1941 годзе змагалася супраць немцаў.
Тут кантрабандыстаў, людзей, якія жылі на мяжы, было шмат, але ў 1940-1941 год яны сталі ахвярамі савецкіх рэпрэсій. Увогуле, праўда, дакументальных сведчанняў я не маю, але раптам былі і жаданні савецкіх улад выселіць вялікую колькасць насельніцтва, дэпартаваць. Гэтаму перашкодзіў напад Германіі на Савецкі Саюз. Як бы то ні было, зараз гэта ўжо не мястэчка, а маленькая вёска.
Яна Шыпко:
Атрымліваецца, што нягледзячы на тое, што пад Польшай гэта тэрыторыя была невялікі час, але нават знешне можна заўважыць розніцу.
Ігар Мельнікаў:
На тэрыторыі Заходняй Беларусі не так знішчалася культавая архітэктура, як у БССР. Яшчэ ў 30-я гады на Ўсходзе паўзрывалі касцёлы і цэрквы. Тут яны яшчэ існавалі. Калі іх не знішчылі пасля вайны, то яны даходзілі да нашых дзён. На Ўсходзе, напрыклад, стары чалавек, бабуля задае пытанні: а хто вы, адкуль, а чаму прыехалі, чаму цікавіцеся? На заходнім баку людзі не пытаюцца пра гэта, і гэта адбітак той самай даваеннай мяжы. Хаця сёння гэта толькі гісторыя, пра якую варта пісаць і пра якую трэба расказваць на экскурсіях, старонках кніг і выставах.
«На Захадзе не верылі ў тое, што адбывалася ў БССР». Трагічная гісторыя княжацкай сям’і Друцкіх-Любецкіх (падрабязней тут).