Міжнародны дзень роднай мовы адзначаюць у Беларусі
Міжнародны дзень роднай мовы адзначаецца, згодна з рашэннем 30-й сесіі Генеральнай канферэнцыі ЮНЕСКА. Менавіта паводле дадзеных Арганізацыі Аб'яднаных Нацый па пытаннях адукацыі, навукі і культуры, беларуская мова з'яўляецца самай меладычнай у свеце пасля італьянскай, а гісторыкі сцвярджаюць, што яна яшчэ і самая старажытная сярод славянскіх, паведамілі ў праграме Навіны «24 гадзіны» на СТБ.
Мова Еўфрасінні Полацкай, Скарыны, Буднага, Купалы – больш чым сродак зносін. Гэта падмурак нацыянальнай ідэнтычнасці, яна знітоўвае пакаленні. У ёй – памяць народа, яго традыцыі і духоўная сіла.
Вытокі беларускай мовы ідуць з гаворак крывічоў, дрыгавічоў і радзімічаў, якія сфарміравалася вельмі рана, захаваўшы шмат архаічных рыс у фанетыцы і лексіцы. На працягу стагоддзяў мова развівалася ў жывым кантакце з іншымі культурамі, а ўжо ў XII стагоддзі ўвасобілася ў пісьмовых помніках.

Іван Саверчанка, дырэктар філіяла «Інстытут літаратуразнаўства імя Янкі Купалы» Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі:
У даўнія часы сфарміраваліся і фанетыка нашай мовы, і лексічны склад. Але яна ва ўзаемадзеянні з іншымі народамі яна актыўна брала і запазычвала лексіку, новыя з’явы, і гэты працэс працягваецца да нашага часу. І мова зараз валодае велізарным патэнцыялам. Больш за тое, я лічу, што наша беларуская мова з’яўляецца прамоваю славянскіх народаў. Бо мы ведаем, і гэтая гіпотэза мае пацвярджэнне, што прарадзімай славян, ядром славянскай цывілізацыі, з’яўляецца беларускае Палессе. І адсюль пачалося рассяленне славянства па ўсёй цэнтральнай і ўсходняй Еўропе.
Сёння беларуская мова ўпэўнена гучыць у лічбавай прасторы. Адукацыя, культура і тэхналогіі вызначаюць, якой будзе мова заўтра. У медыяпрасторы фарміруюцца новыя моўныя звычкі, а беларускамоўны кантэнт усё часцей выбірае моладзь. Развіваецца і кнігадрукаванне: так у 2025 годзе выдавецтвы, падпарадкаваныя Міністэрству інфармацыі, выпусцілі амаль 150 кніг на беларускай мове.

Віктар Іўчанкаў, прафесар кафедры перыядычнага друку і вэб-журналістыкі факультэта журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта:
Пытанняў вельмі шмат. І вось напрыклад, ладзіцца зараз шмат канферэнцый, і ў прэс-цэнтрах, і ў прэсе. Таму вельмі важна падкрэсліць такое трыадзінства вось гэтай з'явы: і Дзень роднай мовы, існаванне і функцыянаванне беларускай мовы – гэта адукацыя, культура і, безумоўна, медыяпрастора. Таму што на медыяпрастору зараз ускладваюцца абсалютна новыя задачы, якія раней выконвалі літаратура, кінематограф, ці тэатр; сёння свет становіцца медыяцэнтрычным.
У нашай краіне – дзве дзяржаўныя мовы. Па выніках апошняга перапісу насельніцтва больш як 60 % жыхароў указалі беларускую як родную. Зразумела, што няма народа без мовы, няма мовы без яе носьбіта. Родная мова – гэта адначасова i культура, i спадчына, сродак праз які мы пазнаём жыццё i навакольны свет. У яго планетарным шматгалоссі не губляецца і беларускае слова.