Нядаўна тэлеканал СТБ правёў у Шчучыне кастынг на лепшага спевака, які прыме ўдзел у музычным праекце “Поющие города”. Амаль 20 канкурсантаў вырашылі ўзысці на музычны Алімп… За кулісамі адчувалася хваляванне: канкурсанты рэпеціравалі свае нумары, заручаліся падтрымкай сяброў.
Ілона Салкевіч – малады спецыяліст раённага Дома культуры – таксама вырашыла паспрабаваць свае сілы.
– У мінулым годзе я была на кастынгу “Поющие города”, які праходзіў у Гродне, – гаворыць Ілона. – Аднак удзельніцай праекта не стала. Спяваю даўно. Закончыла Гродзенскі каледж мастацтваў. За год, я думаю, “падшліфавала” свой вакал. Хачу праз песню перадаць журы пачуцці, стан сваёй душы. Буду выконваць песню “Жютэм” на французскай мове.
Усе канкурсанты добра разумелі, што разгубіцца перад камерамі проста не маюць права, таму што журы ацэньвае не толькі вакальныя даныя, але і артыстычныя. Значыць, трэба быць гатовым да імправізацыі: і спяваць, і танцаваць, і адказваць на пытанні.
У кастынгу бралі ўдзел школьнікі, студэнты, работнікі ўстаноў і арганізацый. У музычным асартыменце былі песні на беларускай, рускай, англійскай, французскай мовах. І нават на мове хіндзі! Дарэчы, на хіндзі канкурсантам давялося спяваць разам з куратарам кастынгу па горадзе Шчучын – Святланай Агарвал – спявачкай, якая выконвае індыйскія песні. А член журы Наталля Надольская – тэлежурналіст СТБ – прапанавала некаторым удзельнікам кастынгу паспрабаваць сябе ў ролі вядучых прагнозу надвор’я. Дарэчы, Галіна Будзько, спецыяліст РДК, справілася з заданнем, як сказала Наталля, “гуляючы”.
Хто ж прайшоў кастынг і прадставіць нашу Шчучыншчыну на конкурсе? Пра гэта арганізатары абяцалі паведаміць удзельнікам па тэлефоне. Аднак прыадкрыю заслону: не засталіся не заўважанымі выступленні ансамбля беларускай песні “Світанак” з Васілішкаўскага Цэнтра культуры і вольнага часу, Ілоны Салкевіч, Галіны Будзько, Віялеты Дука і іншых.
Прыемна, што журы высока ацаніла музычны ўзровень мясцовых артыстаў. Пасля кастынгу некаторыя ўдзельнікі нават далі інтэрв’ю тэлеканалу СТБ.
– Мне вельмі спадабаўся ваш горад і людзі, – гаворыць старшыня журы Святлана Агарвал. – Цяпер я ведаю, што Шчучын вельмі багаты на таленты. Усе цудоўна спявалі, таму нам будзе цяжка вызначыць лепшых.
Ганна ВІЛЕНЦЭВІЧ.
Фота аўтара.
http://dzyannica.by/content/shchuchyn-spyava-dlya-stb