Скокі праз вогнішча, варажба, пошукі папараць-кветкі: як святкаваць Купалле

Палае вогнішча, рэкі свецяцца прывідным святлом, дрэвы блукаюць па лесе, жывёлы, птушкі і нават расліны размаўляюць міжсобку… Не, гэта не фільм жахаў, гэта наша жыццё. Міфалагічнае. Калі не верыце, выпраўляйцеся ў ноч з 6 на 7 ліпеня святкаваць Купалле.

Скокі праз вогнішча, варажба, пошукі папараць-кветкі: як святкаваць Купалле-1

Фота: kurjer.info/2016/07/05/holiday-kupala/

Гэта адно з самых старадаўніх святаў, вытокі якога сягаюць ажно ў першабытнасць. Святкавалася Купалле ў самую кароткую ноч у годзе і прымяркоўвалася да летняга сонцастаяння. Адзначалася ў гонар сонца і найвышэйшага росквіту жыватворнай моцы зямлі, расліннасці і збажыны.

Скокі праз вогнішча, варажба, пошукі папараць-кветкі: як святкаваць Купалле-4

Фота: etna.by/events/foto-kupalle-1.html

З прыходам на нашы землі хрысціянства пачалося змаганне са старымі вераваннямі. Аднак змяніць рэлігію не так проста. Таму царква імкнулася паяднаць паганскія святы з хрысціянскімі. Так, Купалле было прымеркавана да свята Іаана Прадцечы. Адсюль і з’явілася падвоеная назва – Іван Купала.

Скокі праз вогнішча, варажба, пошукі папараць-кветкі: як святкаваць Купалле-7

Фота: etna.by/events/kupale-v-belorusskom-skansene-video.html

Рыхтавацца да купальскай ночы пачыналі загадзя. Каб распаліць вогнішча (без яго аніяк!), на высокае месца ля ракі ці возера хлопцы звозілі непатрэбныя рэчы з усёй вескі. Паношаная вопратка, атопкі, старыя колы – ўся старызна павінна была згарэць у ачышчальным агні.

Скокі праз вогнішча, варажба, пошукі папараць-кветкі: як святкаваць Купалле-10

Фота: etna.by/events/kupale-v-belorusskom-skansene-video.html

Дзяўчаты ішлі на луг збіраць багаткі, васількі, папараць, браткі. Купальскія зёлкі лічыліся лекавымі.

Скокі праз вогнішча, варажба, пошукі папараць-кветкі: як святкаваць Купалле-13

Фота: etna.by/events/foto-kupalle-1.html

Іх пакідалі ў хаце, каб выкарыстоўваць на працягу года ад розных хвароб, утыркалі ў сцены хат і, вядома ж, з іх плялі вянкі для варажбы.

Скокі праз вогнішча, варажба, пошукі папараць-кветкі: як святкаваць Купалле-16

Фота: etna.by/events/kupale-v-belorusskom-skansene-video.html

На Купалле моладзь выпраўлялася з песнямі. Абыходзілі ўсе хаты, заклікалі ісці на гулянне. На стрэхі хат незамужніх дзяўчат і нежанатых хлопцаў кідалі вянкі.

Ля вогнішча частаваліся абрадавымі стравамі: яечняй, вершачкай, варэнікамі. У гонар сонца ўздымалі на высокім шасце прамасленае запаленае кола.

Скокі праз вогнішча, варажба, пошукі папараць-кветкі: як святкаваць Купалле-19

Фота: etna.by

Усю ноч вадзілі карагоды, спявалі, ладзілі гульні. Каб ачысціцца і засцерагчыся ад злых сіл, скакалі праз агонь. Калі пара пераскоквала праз вогнішча разам, уважліва назіралі, ці разнялі яны рукі. Калі не, лічылася, што ў гэтым годзе закаханыя ажэняцца.

Скокі праз вогнішча, варажба, пошукі папараць-кветкі: як святкаваць Купалле-22

Фота: etna.by/events/foto-kupalle-1.html

Каб зазірнуць у будучыню, варажылі. Са словамі «Ляці, ляці вяночак, лаві, лаві дружочак» кідалі ў ваду вянкі: куды паплыве – у той бок замуж ісці.

Скокі праз вогнішча, варажба, пошукі папараць-кветкі: як святкаваць Купалле-25

Фота: news.tut.by/society/405573.html

Палілі купальскія вянкі на вогнішчы. Чый хутчэй згарыць, тая дзяўчына першай пойдзе замуж. Акрамя таго, хлопец мог выхапіць з агню вянок той дзяўчыны, што яму падабаецца, і выказаць такім чынам спадзеў на ўзаемнасць і жаніцьбу.

Былі варожбы і па ўбачаным у сне. Нанач пад падушку клалі трыпутнік, сарваны на растайных дарогах, у надзеі прысніць суджанага. Са скрыжавання дарог бралі пясок і таксама клалі пад падушку – прысніцца павінна было нешта вельмі істотнае.

Скокі праз вогнішча, варажба, пошукі папараць-кветкі: як святкаваць Купалле-28

Фота: etna.by/events/kupale-v-belorusskom-skansene-video.html

А каб даведацца, ці чакае замужжа ў гэтым годзе, заплюшчвалі вочы і збіралі розныя травы і кветкі. Пасля клалі іх пад падушку, а раніцай лічылі – калі набралася 12 розных траў, чакай вяселля.

Скокі праз вогнішча, варажба, пошукі папараць-кветкі: як святкаваць Купалле-31

Фота: staryolsa.com/ru/news/kupalskaya-noch-so-starym-olsa-v-zalese.html

Самае, бадай што, цікавае – гэта пошук кветкі папараці, якая раз у год, менавіта на Купалле, а дванаццатай гадзіне ночы мігатлівым агеньчыкам зацвітае ў гушчары лесу. Хто сарве яе – стане празарліўцам: будзе разумець гаворку звяроў, птушкак, дрэў. Да таго ж шчасліўцу адкрыюцца схаваныя ў зямлі скарбы.

Аднак здабыць параць-кветку вельмі цяжка, бо яе сцерагуць розныя пачвары і страшыдлы. Затое з лёгкасцю збірае кветкі папараці ў свой кошык Купальскі дзядок. Калі сустрэнеце яго, расцяліце перад ім белы абрус, туды ён і кіне адну кветку. Тады трэба разрэзаць скуру на правай далоні і хуценька схаваць туды кветку, каб нячысцікі не забралі.

Скокі праз вогнішча, варажба, пошукі папараць-кветкі: як святкаваць Купалле-34

Фота: news.tut.by/culture/452989.html

Але не толькі скокамі праз агонь, варажбой і пошукамі кветкі папараці поўнілася гэта ноч. Купалле – час разгулу змрочных сіл прыроды. Вядзьмаркі спрабуюць адабраць у кароў малако, учыніць шкоду ў жыце. Таму дбайныя гаспадары не спалі, а рабілі розныя засцярогі: кідалі ў жыта галавешкі з агнём, абтыкалі сцены хлявоў зёлкамі.

Скокі праз вогнішча, варажба, пошукі папараць-кветкі: як святкаваць Купалле-37

Фота: bykhov.by/?p=113981

Да ўзыйдзі, месячык,
Да ўзыйдзі, ясненькі,
Разлажы нам Купалейка
хлопчыкам на ігранейка,
Дзевачкам на гулянійка,
Дзевачкі нагуляліся,
Хлопчыкі наіграліся,
З Купалейкам папрашчаліся…

Аўтар: Анастасія Русецкая

Фота: mogfil.by/prazdnik-kupale-aleksandriya-sobiraet-druzey-0