«Ёсць у многіх людзей настальгія па роднай мове». Як змяніўся бізнэс краіны, калі пачаў гаварыць па-беларуску
Навіны Беларусі. Не толькі беларускія тавары ці паслугі, але нават і мова як прылада прасоўвання бізнесу ды гандлю апошнім часам становіцца больш папулярнай, паведамілі ў праграме «Няделя» на СТБ.
Роднае літаратурнае слова беларусаў, па розных ацэнках, налічвае ад 250 да 500 тысяч словаў. А дыялектная мова ў разы больш – каля 2 мільёнаў слоў. Менавіта на мове. Так працуе адзіная ў Мінску стаматологія, дзе ўсе – ад адміністратара да доктара – свабодна размаўляюць па-беларуску.
Алена Клюй, урач-стаматолаг, тэрапеўт стаматалагічнай лякарні:
Калі мы прапануем пацыентам, і яны згаджаюцца – мы размаўляем на беларускай мове. Але калі яны адмаўляюцца – няма ніякіх прымусаў. Звычайна маладыя ахвотна пераходзяць на беларускаю мову.
За гутарку на мове кліентам робяць зніжкі ў 5 %. Але ж для гэтага наведніку патрэбна ўвесь прыём прытрымлівацца беларускай. За медыцынскімі паслугамі з нацыянальнымі рысамі многія выпраўляюцца з іншых раёнаў. Да некаторых дактароў запісваюцца на некалькі месяцаў наперад.
Францішак Жылка, прадпрымальнік, дырэктар стаматалагічнай лякарні:
Ёсць у многіх людзей настальгія па роднай мове. Такі выпадак быў у тым годзе. Чалавек з Канады прыехаў спецыяльна да нас палячыцца, таму што ён даведаўся, што ў нас беларускамоўная лякарня.
Прыгажосць – у тым ліку мовы – у аснове і гэтага салону. Гаворку на самай мілагучнай пасля італьянскай тут гатовыя падтрымаць амаль усе майстры. Галоўнае – жаданне самаго кліента.
Святлана Жукава, дырэктар салона прыгажосці:
Мы ведаем, што ёсць людзі, шмат людзей у нас, у Беларусі, якія хацелі б размаўляць па-беларуску, але яны саромяцца сваёй недасканалай мовы. І таму ім таксама прыемна прыходзіць туды, дзе яны будуць ведаць, што з імі паразмаўляюць, і стаўленне да мовы такое з павагай, добрае.
Усе сумневы наконт спалучэння мовы ды бізнэсу першымі скасавалі міжнародныя карпарацыі. Выкарыстоўваць у рэкламе каларыт слоў і літар яны пачалі яшчэ на пачатку нулявых. Камплімент мове – лаяльнасць да брэнду.
Прыток кліентаў не прымусіў чакаць. Некалькі год таму па-беларуску таксама загаварыў айчынны бізнэс. Матчына мова стала нейкай прыкметай паспяховасці. Тыя, хто былі першымі, паспелі зняць вяршкі, але і зараз на пракладзенай дарозе магчыма зрабіць вырашальны лайк ад спажыўца.
Ігар Кольчанка, дырэктар PR-студыі:
Сейчас тоже нужно не упустить момент. Сейчас белорусский язык не принесет вам каких-то новых покупателей или сверхприбыли. Сейчас тот момент, когда каждая уважающая себя компания без фанфар и горнов должна использовать белорусский язык.
На паліўных станцыях, кавярнях і сайце. Пераход на беларускую мову сетка аўтазаправачных распачала тры гады таму.
Сацыяльны праект атрымаў народную падтрымку. Мову на базавым узроўні ведаюць усе аператары. Некаторыя карыстаюцца ёю заўжды.
Ганна Красоўская, дырэктар сеткі аўтазаправачных станцый:
Гэта доўгатэрміновы праект. Мы яго вельмі паважаем, таму што гэта частка нашай краіны, частка нашай гісторыі. Мы плануем яго таксама развіваць далей. І гэта не толькі пра мову. Гэта пра тое, як быць беларусам сапраўды і ганарыцца краінай, дзе мы жывем.
Тэлеком-аператар адным з першых у краіне пачаў здымаць беларускамоўную рэкламу. Фідбэк, дакладна – адваротная сувязь, быў пазітыўны. Стаўленне да мовы кампанія працягвае дэманстраваць праз іміджавыя ролікі і шматлікія праекты, мэта якіх – рабіць роднае слова яшчэ гучней.
Вячаслаў Смірноў, кіраўнік аддзела карпаратыўных камунікацый тэлеком-аператара:
Зразумела, мы робім нейкі аналіз рынка, які гаворыць, што сярод трох мабільных аператараў кампанія асацыіруецца ў большасці, як лакальная, свая, беларуская кампанія. І таму камунікацыі на беларускай мове, безумоўна, дабаўляюць нейкі пазітыўны флоў да нашага іміджу на рынке.
Па-беларуску з кожным годам пачынаюць гаварыць усё больш гандлёвых марак. У агенцтве, якое займаецца распрацоўкай брэндаў, адзначаюць відавочнаю тэндэнцыю: нацыянальная адметнасць, па-перш, адбіваецца на маркетынгавай каштоўнасці брэнда.
Напрыклад, цукар, аформлены па-беларуску, разбіраюць хутчэй. Мова больш не ўспрымаецца як нешта правінцыйнае. Наадварот – дадае прадукту своеасаблівую элітарнасць.
Вольга Кашкан, крэатыўны дырэктар брэндынгавай кампаніі:
Я цешуся, што апошнім часам нашыя замоўцы не ўспрымаюць нашую прапанову зрабіць брэнд па-беларуску як нешта экзатычнае. Калі ўспрымаць беларускамоўную камунікацыю ні як зварот да каранёў, то можна казаць пра маркетынгавую стратэгію, пра тое, што беларускамоўная камунікацыя, калі яна зроблена, рэалізавана на якасным узроўне, яна ўсе ж такі мае больш магчымасцей вылучыцца на паліцы і вельмі добра зарэкамендаваць сябе.
Гучыць мова не толькі на паліцах. Усё часцей беларускую камунікацыю ўжываюць буйнейшыя рытэйлеры. Напрыклад, у гэтай краме ўсе касы – беларускамоўныя. Перад гэтым супрацоўнікі скончылі курсы.
«Быць на хвалі» ці стаць пэўным знакам якасці. Сучасны бізнэс сыходзіць з пажаданняў спажыўцоў.