У чым будучыня нашай мовы? Спыталі ў першага намесніка старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі
Менавіта сёння падтрымаць ініцыятыву захавання беларускіх традыцый – мэта асабліва ўзнёслая. 21 лютага ў нашай краіне святкуецца Дзень роднай мовы. Вось так раптоўна перайсці на мову і пагаварыць аб знакавай падзее вырашылі і мы ў студыі праграмы «Новое утро» на РТР-Беларусь з Алёнай Стэльмах, першым намеснікам старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі.
Колькі год ужо святкуецца Дзень роднай мовы?
Вольга Вайцянкова, вядучая:
Некалькі слоў менавіта пра Дзень роднай мовы, напрацягу колькіх год мы яго святкуем?
Алёна Стэльмах, першы намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі:
Дзень роднай мовы мае дачыненне да падзей, якія былі яшчэ ў 1952 годзе, калі ў Бангладэш увазнікла праблема з бенгальскай мовай, тады мясцовыя людзі змагаліся за тое, каб гучала іх родная мова. У 2000 годзе ЮНЭСКА падтрымала ініцыятыву зрабіць Дзень роднай мовы міжнародным святам, але кожнаму з нас хочацца, каб гэта свята было кожны дзень. Родная мова для нас свая, у ёй і нашы карані, і нашы вытокі, наша ўсведамленне таго, як пабудаваны свет. Пра мову мы выказваем самыя лепшыя пачуцці. Кожны год свята набывае новы размах, да яго далучаецца больш удзельнікаў, менавіта каб вось у гэты дзень і кожны дзень адчуваць нашу родную беларускую мову.
Юрый Цароў, вядучы:
Гэта вельмі прыемнае свята. Якія мерапрыемствы ці праекты створаны і праводзяцца ў гэты дзень?
Алёна Стэльмах:
Самыя розныя прапаноўваем. Гэта і сустрэчы, прэзентацыі па нашых кнігах, гэта і конкурсы і віктарыны. Ёсць цудоўны праект, які мы назвалі «Бачу Беларусь такой», ён доўжыцца амаль пяць гадоў, а сёлета мы выйшлі на цэнтральную пляцоўку, у нашай сталіцы ўжо адбыліся пэўныя сустрэчы, мы будзем яго прадаўжаць.
Чым адрозніваецца праект «Бачу Беларусь такой» ад іншых?
Вольга Вайцянкова, вядучая:
Некалькі слоў пра праект «Бачу Беларусь такой».
Алёна Стэльмах:
Праект нарадзіўся з фотаздымкаў Уладзіслава Цыдзіка. Калі мы ўбачылі, якія гэта прыгожыя здымкі, якія расказваюць пра нашу Беларусь, пра яе мясціны, яе выдатныя збудаванні, яе гісторыю, пра нашых беларусаў, людзей, то вельмі захацелася вось гэтую паэтыку фотаздымкаў увасобіць і ў паэтычных радках. Да гэтага праекта далучыліся нашыя паэты, вось у гэтай кнізе, акрамя фотаздымкаў, яшчэ 65 аўтараў выказаліся пра радзіму. Здавалася б, адна тэма, але якія вершы розныя, у іх адчуванне Беларусі, сваіх родных мясцін, так званай малой радзімы. Канешне, мы як аўтары кніг яшчэ стварылі фотавыстаўку, вельмі гэтым натхнёныя, сталі прэзентаваць наш праект у розных аўдыторыях, пабачылі, як гэта цікава моладзі.
Юрый Цароў:
У маім дзяцінстве было шмат кніжак на беларускай мове для дзяцей і моладзі. Як зараз гэта выглядае? Моладзь ахвотна падтрымлівае ідэі?
Алёна Стэльмах:
Мы ведаем, як беларуская літаратура запатрабавана. У дзіцячых бібліятэках Мінска з кожным годам колькасць бацькоў, якія прыходзяць у бібліятэку разам з дзецьмі, узрастае. Менавіта тых бацькоў, якія цікавяцца беларускай літаратурай. І нам, пісьменнікам, задаюць пытанні, што хацелася б, каб болей было кніг на беларускай мове, каб чыталі дзеці, мы вельмі стараемся.
Ці робяцца зараз пераклады з іншых моў на беларускую?
Юрый Цароў:
Па першай прафесіі я перакладчык. Мне цікава ведаць, ці робяцца зараз пераклады з іншых моў на беларускую? У дзяцінстве я чытаў шмат Кіплінга на беларускай мове.
Алёна Стэльмах:
Зараз мы стараемся займацца перакладной літаратурай, мы разумеем, што кніга – гэта вялікая дыпламатыя. І праз кнігу народы пазнаюць адзін другога. Мы і зараз стараемся, каб і нашы беларускія творы перакладаліся за мяжой, перакладаем іншых аўтараў. Я з прыемнасцю скажу, што мае дзіцячыя кнігі выйшлі ў перакладзе на балкарскую мову, а на прыканцы мінулага года такі цудоўны падарунак мне зрабіла перакладчыца з Казахстана Райхан Маженкызы, яна пераклала маю казку «Папяровы самалёцік» на казахскую мову. І даслала кнігу, калі іх дэлегацыя ехала святкаваць стагоддзе нашай Нацыянальнай бібліятэкі. Такія падарункі і для аўтара, і для дзяцей вельмі значныя.
Вольга Вайцянкова:
Якая на сёння галоўная мэта мовы? Гэта захаванне гісторыка-культурнага скарба ці далучэнне моладзі да гэтай тэмы?
Алёна Стэльмах:
Я думаю, што і тое, і другое, таму што мова адлюстроўвае наша светаадчуванне. Мова – гэта тое, што адрознівае нас, беларусаў, ад іншых народаў у свеце. У мове наша культура, духоўнасць, нашу родную мову берагчы, пашыраць яе вельмі патрэбна. Прыемна, калі моладзь далучаецца да ведання беларускай мовы, калі гэта сярод моладзі не толькі модна, але прэстыжна.
Юрый Цароў:
У чым вы бачыце будучыню нашай мовы?
Алёна Стэльмах:
Мне хацелася б сказаць, што яе будучыня ў пашырэнні, мову будзе вывучаць не проста сённяшняе пакаленне, мова будзе жыць і перадавацца ад бацькоў дзецям, ад бабуль. Я вельмі ганаруся тым, мне не аднойчы даводзілася быць у нашым Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Класа НАН, бачыць, які там створаны скарб слоўнікаў, атласаў. Гэта сведчыць пра тое, якая багатая наша мова, як гэта захавана, якая ў нас ёсць тэарэтычная база, каб вывучаць мову, каб яна захавалася, каб беларуская мова гучала ў свеце. І праз мову ведалі нас, беларусаў.
Подписывайтесь на нас в Telegram!