120 юбілей Кандрата Крапівы адзначаць на радзіме класіка

«Я ў мастацкім агародзе толькі марная трава. А якая? Смех, дый годзе: я – пякучка-крапіва…»

Так калісьці сам пра сябе пісаў класік беларускай літаратуры Кандрат Крапіва. Выбраўшы ў якасці псеўданіма назву пякучай расліны, ён і атрымаў вядомасць дзякуючы сваёй вострай сатыры. У гэтым годзе 120 юбілей адзначаем на радзіме класіка, у горадзе Узда. Тут ў яго гонар названа школа, а на днях адкрылі экспазіцыю, прысвечаную памяці пісьменніка.

Асабістыя рэчы, рэдкія выданні і мноства дакументаў Кандрата Кандратавіча збіралі па крупінках настаўнікі і школьнікі.

У 1896 годзе ў сям’і Кандрата Міхайлавіча Атраховіча адбылася выдатная падзея: нарадзіўся наследнік, які  пражыў доўгае, збольшага шчаслівае, а часам і трагічнае жыццё.

Кандрат Кандратавіч прайшоў чатыры вайны. Упершыню трапіў на фронт падчас Першай сусветнай. У 1914 годзе яго забралі ў школу прапаршчыкаў, адкуль ужо праз тры месяцы выйшаў маладым афіцэрам. Увесь цяжар ваенных гадоў класік беларускай літаратуры,  аўтар велізарнай колькасці баек перанёс і падчас Другой сусветнай. Тады ён біў праціўнікаў словам.

Пасля вайны Кандрат Атраховіч працягвае пісаць. Аднак ужо тады шмат часу аддае навуке. Так  з 1947 года ён загадчык сектара мовазнаўства ў Інстытуце мовы, літаратуры і мастацтва Акадэміі Навук БССР.

З асаблівым пачуццём на Уздзеншчыне дзеляцца ўспамінамі пра знакамітага земляка тыя, каму хоць раз давялося  пагутарыць з дзядзькам Крапівой.

«Дыпламаваны баран», «Дзед і баба», «Ганарысты парсюк» - яго байкі ведаюць і памятаюць  са школы. Некаторыя і цяпер у героях пазнаюць сябе.

Байкі  Крапівы аказваюць асаблівае ўражанне на школьнікаў Узды. У юбілей знакамітага земляка дзеці падрыхтавалі тэатралізаванае прадстаўленне.

Вострае, справядлівае і, безумоўна, мудрае слова класіка беларускай літаратуры, геніяльнага сатырыка і сёння не страціла сваёй  актуальнасці. І як некалькі дзесяткаў год таму вучыць нас галоўнаму – жыць.