«Абы наесціся багата», альбо Чым ласаваліся беларусы даўней

Мой родны кут, як ты мне мілы!..
Забыць цябе не маю сілы!

Гэтыя радкі ведае, бадай што, кожны беларус. Аднак сёння я прапаную зірнуць на знакаміты твор Якуба Коласа крыху з іншага, адрознага ад прывычнага, ракурса.

«Абы наесціся багата», альбо Чым ласаваліся беларусы даўней-1


Фота: knihi.by/knihi/kolas-jakub-novaja-ziamla

Уявім вясковую нядзельную раніцу…

Дзень быў святы. Яшчэ ад рання
Блінцы пякліся на сняданне,
І ўжо пры печы з чапялою
Стаяла маці... Пад рукою
Таўкліся дзеці, заміналі
Або смяяліся, спявалі.
Услон заняў сваё ўжо места,
На ім стаяла дзежка цеста,
І апалонік то і дзела
Па дзежцы боўтаў жвава, смела
І кідаў цеста ў скавародкі.
Давала піск яно кароткі,
Льючыся з шумам на патэльні,
І ў жар стаўлялася пякельны;
І там з яго ўжо ўвачавідкі

Пякліся гладзенькія пліткі
Блінцоў, спаднізу наздраватых,
Угору пышна, пухла ўзнятых,

І ўжо адтуль рукою маткі
На ўслон шпурляліся аладкі,
А дзеці іх даўно сачылі
І на ляту блінцы лавілі,
Заядла мазалі іх здорам.
Стаяў асобна ў місцы скорам
Сяго-таго для верашчакі.
Хоць невялікія прысмакі –
Цыбуля, перчык, ліст бабкоў
Ды сальца некалькі брускоў,
Мука і квас – і ўся прыправа,
Але ўсё ж снеданне цікава;

А для дзяцей найбольша свята
Абы наесціся багата.

Калі пасля такога дасканалага, яскрава, найсмачнейшага апісання вам не захацелася бліноў з той самай верашчакай, значыць, вы не беларус. Альбо вы толькі што пад’елі.

Калі ўсё ж такі у жываце ў вас заспявала, самы час брацца за справу. Не ведаеце рэцэптаў? Не бяда! Вось яны, традыцыйныя, беларускія, клапатліва сабраныя навукоўцамі. Пачнем з бліноў.

«Абы наесціся багата», альбо Чым ласаваліся беларусы даўней-4


Фота: moj-recept.ru/krasnye-grechnevye-bliny.html

Бліны грэцкія

Спатрэбіцца:
0,6 л малака
40 г дражджэй
1,5 лыжкі цукру
2 шклянкі грэцкай мукі
2 яйкі
Соль
Масла

Прыгатаванне:
У паўшклянкі (100 мл) малака ўсыпаць 40 грамаў здробненых дражджэй і лыжку з паловай цукру, дадаць лыжку грэцкай мукі і паставіць, каб падышло.

Тым часам падагрэць паўлітра малака (прыкладна да 70 градусаў), змяшаць з дзвюма шклянкамі перасеянай грэцкай мукі, астудзіць, дадаць яйкі і соль і добра вымешаць, не забыўшыся ўліць дрожджы.

Нагрэць патэльню, нацерці яе тлушчам і ўліць цеста на палец таўшчынёй. Запякаць бліны з абодвух бакоў. Перад ужываннем гарачыя бліны можна паліць растопленым маслам.

Бліны гатовыя. Пяройдзем да абяцанай верашчакі? Абавязкова, але крыху пазней. Бо трэба ж як след нагнаць слінкі. Звернемся зноў да майстра смачнага (ва ўсіх сэнсах) слова Якуба Коласа. Заплюшчыце вочы і ўявіце: калядны час, накрыты белым абрусам стол, а на ім – святочныя патравы…

І вось вячэра зачалася!
Спыніцца мушу я на квасе:
Ён колер меў чырванаваты;
Тут быў таран, мянёк пузаты,
Шчупак, лінок, акунь, карась,
Кялбок і ялец, плотка, язь,
Яшчэ засушаныя з лета.
Але не ўсё яшчэ і гэта:
Аздоблен квас быў і грыбамі,
Выключна ўсё баравічкамі;
Цыбуля, перчык, ліст бабковы –

Ну, не ўясісь, каб я здаровы!
Пільнуй, – цішком скажу між намі, –
Каб і язык не ўцёк часамі.

За квасам елі верашчаку,
А потым блінчыкі на маку,
А там ламанцы-праснакі
З пшанічнай добрае мукі;
А макаў сок такі салодкі!
Ламанцы ў ім, ну, як калодкі –
Так добра макам праняліся,
У рот паложыш – абліжыся.
За прасначкамі йшлі кампоты,
Кісель з мядоваю сытою;
Вячэру скончылі куццёю,
Але ўжо елі без ахвоты,
Абы падатак той аддаць,
Стары звычай ушанаваць.

І после гэтакай вячэры
Жывот выпучваўся без меры,
А з-за стала як уставалі,
То нават трохі і стагналі.

Мяркую, пасля такога апісання ні пра што акрамя пахучай верашчакі вы думаць не ў стане. Таму прапаную неадкладна ажыццявіць уяўнае. Абяцаны рэцэпт.

«Абы наесціся багата», альбо Чым ласаваліся беларусы даўней-7


Фота: zviazda.by/be/news/20160823/1471901340-kulinarnoe-iskusstvo-ot-byzhi-do-vereshchaki

Верашчака панская

Спатрэбіцца:
Сала
Каўбаса
Вэнджаныя скабкі (рабрынкі)
2 лыжкі мукі

Прыгатаванне:
Пакрышыць сала і падсмажыць на ім кавалачкі каўбасы. Зварыць у вадзе вэнджаныя скабкі, укінуць туды смажанае сала з каўбасой. Падкалаціць са дзве лыжкі мукі ў невялікай колькасці вады, уліць у булён, размяшаць і закіпяціць.

Можна дадаць лаўровы ліст, перац, іншыя прыправы.

На «салодзенькае» звернемся да Вялікадня (са смачным, пульхнымі булкамі). Як вядома, да гэтага свята рыхтаваліся загадзя. Разнастайныя стравы гатавалі напярэдадні, каб не варыць у святочныя дні. Прысмакаў на велікодным стале заўсёды была безліч: яйкі, пірагі, паляндвіцы, каўбасы, бабкі…

Не будзем весці бясконцы пералік страў, разгорнем лепш «Новую зямлю»…

А на стале тым – рай, ды годзе,

Што рэдка трапіцца ў народзе,
Ляжала шынка, як кадушка,
Румяна-белая пампушка,
Чырвона зверху, сакаўная,
Як бы агонь у ёй палае,
А ніз бялюткі, паркалёвы;
Кілбасы-скруткі, як падковы,
Між сцёган, сала і грудзінак
Красуе ўсмажаны падсвінак,
Чысцюткі, свежы і румяны,
Як бы паніч той надзіманы.
Муштарда, хрэн – адно дзяржыся,
У рот паложыш – сцеражыся!
А пірагі, як сонца, ззялі,
І ў роце бабкі раставалі.

Са смакам елі і багата –
На тое ж даў Бог людзям свята.

А вось і анансаванае салодзенькае – старадаўні рэцэпт бабы.

«Абы наесціся багата», альбо Чым ласаваліся беларусы даўней-10


Фота: sky-dream-l.livejournal.com/142427.html

Баба да кавы

Спатрэбіцца:
10 яек
Шклянка смятанкі
Паўшклянкі дражджэй
Шклянка масла
Шклянка цукру
Цытрынавая скурка або альбо мігдалы
Кілішак віна
Мука

Прыгатаванне:
Узбіць 10 яек, дадаць шклянку смятанкі, паўшклянкі дражджэй, па шклянцы масла і цукру, трошкі добра скрышанай цытрынавай скуркі альбо горкіх мігдалаў, кілішак віна і столькі мукі, каб цеста было густое.

Узбіваць паўгадзіны, а потым пераліць у форму, намазаную маслам, і абсыпаць сухарамі. Форму патрымаць у цёплым месцы і, калі цеста вырасце, уставіць у печ.

Безумоўна, у сучасных кватэрах замест печы давядзецца выкарыстаць духоўку. Але, можа, гэта нагода заехаць да бабулі ў вёску, каб

узгадаць, хто мы і адкуль…

Аўтар: Анастасія Русецкая

Не спатолілі літаратурна-кулінарную прагу? Прачытайце «Кантузы розныя, аркасы і блямасы», або Шляхецкі банкет сваімі рукамі

Фота: bulbanews.ru/main/bilorus