Прошёл войну, стал журналистом и заслуженным учителем БССР! «Незабытые истории»

Трагедия Великой Отечественной. Нет ни одной белорусской семьи, которой бы ни коснулась война. Подвиг каждого, кто встал на борьбу с фашизмом, не имеет срока давности. Память нетленна. В год 80-летия Великой Победы телеканал СТВ собрал летописи из личных семейных историй.

Одной из таких историй поделился наш телезритель.

Прошёл войну, стал журналистом и заслуженным учителем БССР! «Незабытые истории»-2

Франтавік, публіцыст, асветнік…

Іван Паўлавіч Сіманоўскі (19.01.1925 – 02.06.1980). Знакавая постаць у беларускай журналістыцы, чалавек асаблівага гарту і жыццёвага лёсу. Як і ўсе перадваенныя юнакі, ён марыў скарыць самыя вялікія вышыні, авалодаць усімі даступнымі ведамі, каб здабыць лепшы лёс у параўнанні з гаротнай сялянскай працай у калгасе і на сваёй сядзібе. Маці і бацька таму спрыялі, бо іх Іван добра вучыўся, а галоўнае – надзвычай лёгка запамінаў пройдзенае ў школе, знаходзячы яму выкарыстанне падчас разгляду на ўроках па іншых прадметах. Паспяхова закончыўшы пачатковую школу ў роднай Купрэеўцы, ён працягваў вучобу ў райцэнтры, у Веткаўскай беларускай сярэдняй школе. «Пайсці ў людзі» Івану Сіманоўскаму не ўдалося – ён закончыў толькі дзевяць класаў, як абрынулася вайна, а з ёй і ўсе хлапечыя планы ды мары. Зусім іншымі клопатамі зажылі вёска, бацькі, родныя. У 1943-м Івана таксама праводзілі на вайну.

Пасля, ужо ў аўтабіяграфіі, ён напіша пра гэта коратка і сціпла: «Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны». Тады распісваць падрабязнасці ніхто асабліва не браўся, бо вайна, лічы, нахінулася чорнай аблачынай над кожнай беларускай сям’ёй. Дый апавядальнікаў хапала! Аднак, што такое вайна, чым яна насамрэч пахне, якая пачварная і брудная, а таму ненавісная, найбольш адчувалася ў салдацкім акопе, калі ў яго сцякала слота з бруствера, а нямецкія снарады і кулі разам з парахавым смуродам і вусцішным свістам наўпрост касілі жыцці такіх юнакоў-пехацінцаў, як і ён, Іван. Яшчэ больш жудасныя «пейзажы» паўставалі зімой, калі наваколле скрозь залівала чалавечая кроў у перамешку з зямлёй і снегам, а неадольная прага выжыць раўнялася слову «забіць» – забіць ворага, абараніць Радзіму і вярнуцца дамоў, у родную хату, якая настальгічна снілася-мроілася сялянскім цяплом і ўтульнасцю салдату-акопніку Івану Сіманоўскаму. Толькі зноў і зноў кароткі перадых паміж баямі ўскалыхвалі выбухі, а наваколле напаўнялася ляскатам танкавых тракаў і неадольнай стралянінай аўтаматаў і кулямётаў, грукатам гармат.

Беларусь, Расія, Польшча, Чэхія, Германія… Нарэшце штурм Берліна! Самыя адмысловыя ўмацаванні фашыстаў, самыя кравапралітныя баі, самая нясцерпная думка: «Калі нарэшце гэтае пекла скончыцца?!» Скончылася ўсё 9 мая 1945-га, калі, здаецца, сама вясна нарэшце рашуча ўступіла ў свае гуманістычныя правы замест чаднага дыму і суцэльных руін, наўсцяж развесіла свой ацалелы ізумруд. Пейзаж паўставаў перад вачыма нейкі сюррэалістычны…

Але ж вайсковая служба асабіста для Івана Сіманоўскага яшчэ не скончылася. Ён быў запрошаны працаваць у сваю армейскую газету «Доблесть» карэктарам, а затым – карэспандэнтам-арганізатарам. З гэтай газетай ён стаў супрацоўнічаць крыху раней, калі напісаў для яе першыя матэрыялы пра аднапалчан, іх мужнасць і адвагу. Адсюль, можна з упэўненасцю сказаць, і пачаўся яго шлях у журналістыку, якая яго захапіла на ўсё жыццё.

Толькі ў 1950 годзе І.П. Сіманоўскі дэмабілізаваўся і прыкметна пасталелым вярнуўся на Гомельшчыну, у сваю вёску, дзе і заўважылі родныя яго баявыя медалі: «За вызваленне Варшавы», «За ўзяцце Берліна», «За перамогу над Германіяй», «За баявыя заслугі»…

Толькі нядоўга затрымаўся ён дома – запрасілі ў суседні Добруш – у раённую газету «Зара камунізму». Журналісцкіх кадраў тады востра не хапала, таму «вопытнаму» І. Сіманоўскаму прапанавалі адразу пасаду адказнага сакратара. І пачаліся бясконцыя раённыя будні: планёркі, падрыхтоўка матэрыялаў, вычытка, вёрстка, друк… Падзёншчына захліснула з галавой, але ж знаходзіўся час і на вучобу ў Гомельскім педінстытуце, і напісанне артыкулаў у абласную і рэспубліканскія газеты.

Колькі разоў ён праязджаў, а ў большасці праходзіў пешшу па тых месцах, дзе панавала яшчэ нядаўна сама смерць! Яе ўладанні прасціраліся на ўсю Бацькаўшчыну, на ўсю Беларусь. Толькі цяпер замест вайсковай зброі ў яго руках быў кароценькі просты аловак ды звычайны школьны сшытак з размашыстымі занатоўкамі пра ацалелае Жыццё - пасляваеннае, нішчымнае, басаногае, але ж такое жаданае і таму шчаслівае – чытаем у рэпартажах і артыкулах журналіста Івана Сіманоўскага. Не, гэта, бадай, не журналістыка ў чыстым выглядзе, а самая сапраўдная публіцыстыка! Яшчэ на слыху была ваенная лексіка – «бой», «змаганне», «барацьба», «атака», «самаахвярнасць», «фронт». Яна ж адлюстроўвала і мірныя справы суайчыннікаў, гераічнае аднаўленне, якое спакваля набірала ўсё большы размах паўсюль – у горадзе, вёсцы, прамысловасці і сельскай гаспадарцы, жыллёвай і камунальнай галіне. Трэба было бачыць, як знясіленыя мужчыны, жанчыны, дзеці, нібы тыя непаседлівыя мурашы, самааддана працавалі з ранку да цямна, каб толькі хутчэй пазбавіцца ад галечы, разбурэнняў, што прынесла клятая вайна. І гэты энтузіязм, няхай маленькі, але кожны поспех, кожны факт Іван Сіманоўскі ўмела падаваў у сваіх публікацыях у добрушскай раённай газеце, а пасля ў цэнтральнай вядучай газеце рэспублікі – «Звязда», у якой працаваў з 1959 года спачатку ўласным карэспандэнтам, а пасля адказным сакратаром. Ён умеў не толькі адшукаць цікавую тэму для публікацый, але і па-майстэрску яе падаць.

Што адметна – жыццесцвярджальнасцю, верай і непахісным характарам персанажаў напоўнены кожны матэрыял І.П. Сіманоўскага. Ён час ад часу паўтараў: «Слово – оружие: буква – пуля из свинца!». Так яно было і насамрэч, бо літары тады адліваліся з металу, а пасля радкі на лінатыпах. У пераносным сэнсе гэта падкрэслівала вартасць і мэту кожнага журналісцкага слова, адпаведна і адказнасць за яго аўтара.

Пісаў ён знешне хутка і лёгка, бо добра ведаў прынамсі дзве рэчы – мову і тое, аб чым пісаў. У публікацыях Івана Сіманоўскага закладзены галоўны стрыжань, мэты той канкрэтнай гістарычнай эпохі, якую пражывалі і сцвярджалі тагачаснае грамадства і людзі. Усё гэта выношвалася, асэнсоўвалася, набывала трапнае моўнае і знешняе аблічча, адэкватнасць думак і слоў.

І.П.Сіманоўскаму было прысвоена высокае і ганаровае званне «Заслужаны настаўнік БССР». Лепшыя артыкулы Івана Паўлавіча Сіманоўскага ўвайшлі ў летапіс беларускага друку, у хрэстаматыі для студэнтаў як узоры журналістыкі і прафесіянальнага майстэрства, а таксама ў кнігі, напісаныя ім.

Ён узнагароджаны дзвюма Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР, шматлікімі граматамі Міністэрства асветы БССР, Рэспубліканскага камітэта прафсаюза работнікаў асветы, вышэйшай школы і навуковых устаноў БССР, а таксама юбілейнымі медалямі. Неаднаразова быў выбраны ў прадстаўнічыя органы ўлады і грамадскія арганізацыі.

Ён рана пайшоў ад нас – у самым росквіце жыццёвых і творчых сіл. Пахаваны сярод самых ушанаваных людзей Беларусі на Ўсходніх могілках г. Мінска. Напісанае ім застаецца, сказанае – жыве, удзячная памяць увекавечваецца.