Пояс суправаджаў нашых продкаў ад нараджэння да самай смерці. Немаўлятаў абвязвалі, каб яны былі спакойнымі, а ножкі – роўнымі.
Пояс суправаджаў нашых продкаў ад нараджэння да самай смерці. Немаўлятаў абвязвалі, каб яны былі спакойнымі, а ножкі – роўнымі.
Калі пояс развязваўся, у народзе казалі, што чалавек «распаясаўся» і паводзіць сябе вольна. Калі маладая дзяўчына збіралася замуж, ёй трэба было выткаць каля 100 паясоў. Таму традыцыя ткацтва паясоў была шырока распаўсюджана ў Беларусі. Але Валожынскі край здаўна славіўся сваёй тэхналогіяй «на нiту» ці на назе.
Бабулі перадавалі сваё майстэрства ўнучкам, і дзяўчынкі ўжо ў 8-10 гадоў нацягвалі ніткі і замацоўвалі іх на выцягнутай назе. Гэта было вельмі зручна і дазваляла ткаць паясы нават у полi, калі пасвілі кароў. Але ўнікальнасць валожынскіх паясоў сёння ў тым, што мясцовай майстарке Марыі Мікалаеўне Стасяловіч атрымалася ўспомніць сваё дзяцінства і аднавіць старадаўнюю традыцыю ткацтва! Гэтым вельмі ганарацца ў вёсцы Сакаўшчына і працягваюць перадаваць майстэрства новаму пакаленню ў гуртку «Чароўныя паясы».
Святлана Семяняга, супрацоўнік Сакаўшчынскага сельскага цэнтра культуры:
Ідэя стварэння пакоя музея традыцыйнага пояса ўзнікла пасля таго, як Марыя Мікалаеўна Стаселовіч атрымала званне народнага майстра Беларусі па тканню пояса на ніту, вось у нашым доме культуры яна ў той час працавала. Былі сабраныя паясы з усяго Валожынскага раёна, некаторым з іх больш чым па 100 гадоў.
Валожынскія паясы нагадваюць стракатыя матузы. Яны вузенькія – сантыметр-паўтара, шырокія былі толькі ў мужчын. У даўнія часы іх ткалі з самаробных шарсцяных і ільняных нітак, якія афарбоўвалі натуральным спосабам – выбелівалi лён, варылі кару дуба, шалупіну лука і атрымлівалі асноўныя колеры – барвовыя, белыя, шэрыя і ружовыя. «Але захаваць традыцыйныя ўзоры і каларыстыку – галоўная мэта сёння», – прызнаецца кіраўнік гуртка «Ткачыкі» пры Ракаўскім цэнтры народнай творчасці Хрысціна Станіславаўна. Яна запэўнівае – таленавітую майстарку вылучаюць характэрныя пстрычкi, так шчыльна яна прыбівае ніткі. Як і ў любым рамястве, застаюцца самыя цярплівыя.
Чаму нашы прадзеды не мелі права пераступаць парог хаты без пояса? Якія былі сямейныя традыцыі? Чым славіцца Сакаўшчына?
Падрабязней – у матэрыале.