Горад над Нёманам сустракае сяброў. Праект “Залатая калекцыя беларускай песні” завітаў у Гродна
Праект тэлеканала СТБ “Залатая калекцыя беларускай песні”, які так палюбілі беларусы, перад заключным канцэртам у Мінску наведаў заходні горад Гродна. Яму амаль 870 гадоў – ад першай згадкі ў Іпацеўскім летапісе каля 1128 г. Горад старажытны і адзін з самых прыгожых беларускіх абласных цэнтраў. Толькі ўявіце сабе: Новы і Стары замак, Касцёл звеставання найсвяцейшай Панны Марыі, Касцёл адшукання святога крыжа, Царква святых Барыса і Глеба, а таксама незвычайныя краявіды, якія адкрываюцца перад намі, як толькі трапляеш у гэты казачны горад.
Сузор’е артыстаў у гэты раз падаравала святочны настрой на сцэне Гродзенскага абласнога драматычнага тэатра, які з’яўляецца візітнай карткай горада. Калі трапляеш туды, нібы апынаешся ў казачным замку, бо ніяк інакш нельга назваць гэту чароўную пабудову.
Тэма гродзенскага канцэрта – беларуская народная песня.
Са сцэны можна было пачуць самыя лепшыя песні, якія спакон вякоў спявае беларускі народ. “Купалінка”, “Кацілася калода”, “Чобаты” – песні са сваёй гісторыяй, ад якіх ногі самі па сабе пускаюцца ў скокі. Кожны артыст спрабаваў прэзентаваць песню на свой манер, але з захаваннем народных традыцый.
Святлана Агарвал, спявачка:
Я беларуска, таму люблю нашу народную культуру, гэта самае галоўнае ў маёй творчасці. У маім рэпертуары вельмі шмат беларускамоўных песень, у тым ліку беларускіх народных. У свае аранжыроўкі я ўношу трохі індыйскіх лейтматываў, і яны неяк гарманічна зліваюцца ў адно цэлае. Трэба сказаць, што мая творчасць звязана з індыйскай музыкай, але беларуская заўсёды была і ёсць на першым месцы.
На кожным канцэрце свае выканаўцы, але ёсць тыя артысты, якіх можна ўбачыць амаль што ва ўсіх эфірах праекта.
Гродзенскую публіку парадавала Ірына Дарафеева, якая разам з Віктарам Пшанічным вынесла на суд гледачоў малавядомую песню “Што за месяц, што за ясны”.
Жанэт падаравала сонечны настрой, праспяваўшы “Ой, каго ж мне любіці?”, а ўсім добра вядомы хіт “Чаму ж мне не пець?”, якую ў свой час вельмі энергічна спявала Анжэліка Агурбаш, выканала Алена Ланская.
Жана Піваварава, спявачка:
Мяне не было толькі на першай калекцыі. А наогул, я прымаю ўдзел у кожным канцэрце, і вельмі прыемна, што мяне запрашаюць. Самая першая песня прагучала ў Гомелі. Гэта была беларуская песня «Гуляй, вяселле», мы спявалі яе дуэтам з Вадзімам Касенкам. Шчыра кажучы, даўно не спявала дуэтам, і калі мне прапанавалі дуэт з Вадзімам, гэта было неверагодна, ялюблю ўсялякія эксперыменты, люблю новаўвядзенні, каб не стаяць на месцы. На другім канцэрце мы зноў выканалі разам з Вадзімам песню “А ў гасцях” з яго рэпертуару. Потым мы спявалі песню “Медавуха” з майго рэпертуару. Не так даўно ў Вадзіма быў творчы вечар, які праходзіў 8 лістапада, і ён запрасіў мяне прыняць удзел у ім. Канцэрт атрымаўся вельмі душэўным. А сёння я буду выконваць песню «Ой, бяда», але гэта не значыць, што ўсё сумна, наадварот, наша жыццё яскравае і бліскучае! Хочацца параіць нашым гледачам, што ніколі ні на што дрэннае не трэба звяртаць увагі. Прачнулася раніцай, у цябе ўсё добра, ты добра выглядаеш, устала і пайшла ў свет. Гэта песня цалкам перадае мой унутраны настрой.
Вядучымі гэтага канцэрта сталі звыклыя па папярэдніх “Калекцыях” супрацоўнікі тэлеканала СТБ Вольга Бурлакова і Юрый Цароў, а другая пара сувядучых стала для гледачоў сапраўдным сюрпрызам. Усім добра вядомая і любімая актрыса Таццяна Мархель і акцёр і рэжысёр Гродзенскага абласнога драматычнага тэатра Сяргей Курыленка паводзілі сябе, нібы муж з жонкай, спрачаліся, узгадвалі шмат прыказак і прымавак і нават пасварыліся, але ўсё суправаджалася жартамі і гумарам.
Амаль кожны нумар упрыгожвалі разнастайныя танцавальныя калектывы Гродзенскай вобласці. Уразіў баян-бэнд Гродзенскай тытунёвай фабрыкі “Нёман”, зрабіўшы папуры на ўсім вядомыя беларускія песні. Артысты, выходзячы на сцэну, хваляваліся, бо ў многіх з горадам над Нёманам звязаны свае ўспаміны.
Валерый Скаражонак, спявак:
Я сёння прыехаў з асаблівым настроем, таму што ў горадзе Гродна жыў 10 гадоў. Гэта мая першая музычная калыска, будзем так казаць. Я прадстаўляў Гродна на фестывалі польскай песні ў 1988 годзе. Стаў лаўрэатам гэтага фестывалю, тут атрымаў першыя навыкі эстрадных спеваў, першы жыццёвы вопыт. Таму я ў гэты горад прыехаў з асаблівым настроем, бо тут шмат сяброў, якія, я спадзяюся, прыйдуць сёння на канцэрт. Зараз прысутнічае нейкае хваляванне перад канцэртам, таму што я даўно не быў у гэтым горадзе. А яшчэ таму, што сёння спяваю сапраўдную народную песню ў апрацоўцы ансамбля «Песняры». Уладзімір Мулявін заўсёды хацеў, каб народная песня гучала са сцэны. Песня называецца “Цераз рэчаньку”, і мне ўдвая прыемна, што гродзенскі танцавальны калектыў са мной будзе на адной сцэне і дапаможа стварыць святочны настрой.
Арт-група “Беларусы”, як заўсёды таленавіта, у сваім стылі ўзгадала знакамітую “Купалінку”. Дзявочы калектыў “Лас Вегас”, а дакладней, абноўлены яго склад, перапеў усім добра вядомую “Рэчаньку”.
Гурт «Лас Вегас»:
Сёння абноўлены склад групы прымае ўдзел у праекце ўжо ў чацвёрты раз, і радаваць гледачоў мы будзем беларускай народнай песняй "Рэчанька". Гэтая песня ўваходзіць у наш рэпертуар, і ў хуткім часе мы плануем выпусціць дыск менавіта беларускіх народных песень. Хочацца адзначыць, што мы стараемся падрыхтавацца да кожнага нумару са сваёй уласнай аранжыроўкай, неяк па-новаму яе падаць. Сённяшняя "Рэчанька" ў нас атрымалася крыху ў рокавым стылі, таму ў касцюмах сённяшніх будуць прысутнічаць кавалкі скуры. У Полацку было прыемна папрацаваць з гуртом «Правакацыя», добры ў нас нумар атрымаўся.
Для нашага калектыву "Залатая калекцыя беларускай песні» – гэта перш за ўсё вопыт, гісторыя, культура. Вельмі прыемна спяваць беларускія песні на роднай мове. Хочацца адзначыць душэўны прыём публікі, такія авацыі заўсёды! Дзеля такога варта жыць! Вельмі добра, што тэлеканал СТБ не забывае песні, якія не так запатрабаваны на сённяшні дзень, але, па меншай меры, яны сапраўды вельмі душэўна перадаюць эмоцыі тых часоў і беларускай песні. Дзякуючы такім праектам працягваецца і захоўваецца жыццё ўжо забытых песень.
Як заўсёды, даў дыхту Саша Нэма беларускай народнай песняй “Млын”. Спявак разам з танцавальным калектывам “Непаседы дэнс” уразілі не толькі сваім знешнім выглядам, але і той энергетыкай, якая ішла са сцэны, што ніводны глядач не змог застацца абыякавым. Гурт “Спадчына” разам з гледачамі праспяваў знакамітую песню “Касіў Ясь канюшыну”. А завяршыла канцэрт усім добра вядомая “Лявоніха.
Наперадзе заключны грандыёзны канцэрт “Залатой калекцыі беларускай песні” ў Палацы Рэспублікі ў Мінску. Відэаверсію канцэрта можна будзе ўбачыць 2 снежня на тэлеканале СТБ, а пасля ў паўторы на РТР- Беларусь.
Тэкст: Алена Паўлава
Фота: Арцём Турлай