Беларуская мова меладычна загучала на Гомельскай зямлі. «Залатая калекцыя беларускай песні» працягвае свой тур па краіне
Праект «Залатая калекцыя беларускай песні» упэўнена крочыць па Беларусі. Другім прыпынкам пасля Салігорску стаў Гомель. Грамадска-культурны цэнтр горада бачыў вялікую колькасць «зорак», але сабраць усіх разам на адной сцэне, пры гэтым спяваць песні айчынных кампазітараў па-беларуску, магчыма толькі каналу СТБ. 18 мая гамяльчане змаглі з асалодай паслухаць такіх выканаўцаў, як Арт-група «Беларусы», Ядвіга Паплаўская, Надзея Мікуліч, Наталля Тамела, Андрэй Коласаў і шмат іншых…
У гэты вечар на адной сцэне, разам з народнымі артыстамі Мікалаем Скорыкавым, Ядвігай Паплаўскай выступалі як фальклорныя гурты («Ягорава гара»), так і народныя калектывы Гомеля і Гомельскай вобласці. Гледачы вельмі цёпла прынялі артыста, творчы лёс якога пачынаўся ў Гомельскай філармоніі, ўдзельніка «Славянскага базару ў Віцебску», а зараз зорку мюзіклаў «Дуброўскі» і «Казанова» Андрэя Коласава.
Андрэй Коласаў, спявак:
Адчуванні змешаныя. З аднаго боку – гэта радасць ад таго, што прыехаў у родны горад, да сваіх вытокаў, да тых людзей, якіх ведаеш, любіш, да любімых мною гледачоў, якія памятаюць мяне, спадзяюся, з таго часу, калі я пачынаў свой творчы шлях з аркестрам Гомельскай філармоніі. Цяпер ужо ў якасці прафесійнага артыста хачу паказаць, што я іх памятаю і вельмі люблю! Хочацца спадзявацца, што мяне прымуць цёпла і сардэчна. Я ўсхваляваны, адчуваю самыя розныя пачуцці: перш за ўсё, гэта пачуццё вялікай радасці ад таго, што я дома, што я буду стаяць на вялікай сцэне аднаго з самых лепшых канцэртных залаў любімага горада. Мне вельмі прыемна яшчэ і ад таго, што гэта знамянальная падзея, у якой я прымаю ўдзел, а менавіта вялікі канцэрт серыі «Залатая калекцыя беларускай песні» які адбудзецца сёння ў маім родным горадзе, і гэта сапраўды выдатна.
Рэпертуар для гамяльчан быў падабраны самы разнастайны. У гэты вечар можна было пачуць любімыя і вядомыя кожнаму беларусу песні: «Жураўлі на Палессе ляцяць», «Хлопец, не журыся», «Зорачка мая», «Заварожаная фея» і многія іншыя. Аўдыторыю ўразіў сваім выкананнем малады спявак Сяргей Мядзведзяў, які падараваў песню «Пока на земле существует любовь», на вершы Р. Раждзественскага і музыку І. Лучанка. Пакуль гучала песня, на экранах з’яўляліся партрэты знакамітых артыстаў і паэтаў Беларусі, якіх ужо, на жаль, няма побач з намі: Я. Коласа, В. Вуячыча, У. Мулявіна, Я. Навуменкі, Н. Гілевіча, А. Ціхановіча.
Вядучыя, якімі ў гэты вечар сталі Вольга Бурлакова, Саша Нэма, Ірына Дарафеева і Юрый Цароў, не толькі задалі надзвычай прыемны тон усяму цудоўнаму дзеянню, якое разгарнулася на сцэне велізарнай канцэртнай залы, але і нагадалі гледачам шмат цікавага пра іх родны горад, найбольш значныя мясціны абласнога цэнтра, а таксама пра фестывалі, што адбываюцца на Гомельшчыне («Покліч Палесся», «Славянскія тэатральныя сустрэчы», «Сожскі карагод»).
За кулісамі на працягу ўсяго канцэрта адчувалася сяброўская атмасфера, кожны артыст быў у цудоўным, святочным настроі.
Надзея Мікуліч, заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь, спявачка:
Прыехала з цудоўным настроем! Я вельмі даўно не была ў гэтым прыгожым горадзе і ад гэтага радасна! Сонца свеціць, горад прыгожы, людзі ўсміхаюцца, настрой выдатны! Хочацца падзяліцца сваім вясеннім настроем з палескімі гледачамі.
Наталля Тамела, заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь, спявачка:
Настрой, як заўсёды выдатны, таму што склад артыстаў у нас цудоўны, выканаўцы ўсе знаёмыя адзін аднаму, усе ў святочным настроі, таму будзем дарыць гэту радасць гледачам.
Аўдыторыя горача сустракала кожнага артыста і потым вельмі доўга не адпускала са сцэны. Даволі прыемна, што ў гэты вечар можна было пачуць як новыя кампазіцыі, так і ўсім добра вядомыя, але ў нечаканым выкананні. Так напрыклад спявак Саша Нэма падараваў даўно забыты шлягер «Заварожаная фея», якім у свой час зачараваў усю краіну Аляксандр Саладуха. Некаторыя песні загучалі па іншаму, дзякуючы іх дуэтнаму выкананню замест сольнага. На працягу вялікага канцэрта, які доўжыўся больш за дзве гадзіны, ўсе выканаўцы спявалі, на вялікі жаль, па адной песні, і толькі горача любімы гамяльчанамі, па-сапраўднаму народны, артыст для народа і ад народа, бліскучы, надзвычай абаяльны, заўсёды ў прыўзнятым настроі, спявак Аляксандр Саладуха здолеў падараваць тры кампазіцыі: усім добра вядомыя хіты «Одинокий», «Мы будем вместе», а таксама прадставіў на суд гледачоў прэм’еру сваёй песні «Наш дом». Удзячныя слухачы з задавальненнем спявалі разам з любімым артыстам, пляскалі, не шкадуючы далоней, у такт гукам прыемных мелодый, а потым праводзілі артыста бурнай авацыяй.
Пасля Гомеля «Залатая калекцыя беларускай песні» будзе павольнымі крокамі рухацца ў іншыя гарады. Наперадзе: Бабруйск, Гродна, Барысаў і іншыя… У снежні ў Мінску праект завяршыцца грандыёзным канцэртам у Палацы Рэспублікі.