Удзел у агульнай дыктоўцы па беларускай мове прынялі больш за тысячу чалавек з некалькіх краін
Паэтычныя беларускія словы гучаць сёння ў кожным раёне нашай краіны. Больш за тысячу чалавек ўдзельнічалі ў дыктоўцы, прысвечанай святу, паведамілі ў праграме Навіны «24 гадзіны» на СТБ. Сёлета своеасаблівы экзамен таксама прымеркавалі да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, таму тэкст абралі адпаведны.
За незвычайным лінгвістычным выпрабаваннем назірала наш карэспандэнт Кацярына Капыловіч.
Адначасова ў афлайн і анлайн фарматах да моўнага выпрабавання далучыліся больш за тысячу чалавек. Сёлета аўдыторыя пашырылася – упершыню сакавітыя беларускія словы пісалі ў Эстоніі.
Ігар Капылоў, дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі:
Акрамя еўрапейскіх краін, у прыватнасці Эстонія, Латвія падалі заяўку ў рэгістрацыі, у нас яшчэ прадстаўлены ўдзельнікі Кітая, Японіі, Канады і Злучаных Штатаў Амерыкі. І гэта не толькі беларусы, якія пражываюць за мяжой, але і жыхары, грамадзяне гэтых краін. Гэта сведчыць пра тое, што цікавасць да беларускай мовы расце і за мяжой, гэта значыць, што павялічваецца колькасць сяброў нашай краіны.
У мінулыя гады для напісання дыктоўкі выкарыстоўваліся ўрыўкі з мастацкіх твораў. Сёлета ўдзельнікаў чакаў публіцыстычны матэрыял, прысвечаны 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Міжнародны дзень роднай мовы разам з беларусамі сёння адзначаюць і ў іншых краінах. 25 год таму свята заснавалі па ініцыятыве ЮНЕСКА, каб развіваць і захоўваць вусную і культурную разнастайнасць. Згодна з данымі апошняга перапісу насельніцтва, роднай мовай беларускую назвалі амаль 5 мільёнаў 100 тысяч жыхароў нашай краіны. Але між тым, мы з аднолькавым гонарам і павагай размаўляем на абедзвюх дзяржаўных мовах.
Падрабязнасці шукайце ў сюжэце.