Потеряла ребёнка в немецком концлагере, но выжила сама и вернулась на Родину. «Незабытые истории»
Трагедия Великой Отечественной. Нет ни одной белорусской семьи, которой бы ни коснулась война. Подвиг каждого, кто встал на борьбу с фашизмом, не имеет срока давности. Память нетленна. В год 80-летия Великой Победы телеканал СТВ собрал летописи из личных семейных историй.
Одной из таких поделилась наша зрительница Наталья Морозевич.

Вайна... Яна паламала жыццi многiх, і вельмi балюча кранула лёсы маiх бацькоў, Вольгі Цімафееўны і Карпа Пракопавіча Міхалапаў. Яны жылi у адной вёсцы Сяргеевічы Кіраўскага раёна Магілёўскай вобласці, добра ведалi адзін аднаго. Пажанiлiся яшчэ да вайны. Калi фашысты падышлi да вёскi, бацька пайшоў у партызаны, а мацi вярнулася жыць у хату да сваёй мацi, бо была ўжо цяжарная.
Мая бабуля па маці, Ульяна Фадзееўна Баранчук, пагадзiлася пячы хлеб для партызан, а бацька раз на тры днi прыходзiў з мехам па гэты хлеб. У сакавіку 1944 года фашысты пачалi забiраць маладых дзяўчат і адпраўляць іх у Германiю на прымусовыя працы.
Тым часам акупанты вялі пошукi месцаў знаходжання партызан. Зразумела, на вёсцы людзi ведаюць усё адно пра аднаго. Хтосьцi з «добрых» людзей падказаў, што цяжарная жонка аднаго з партызан не вытрымае допытаў і ўсё раскажа.
У тую ноч бацька якраз прыйшоў дадому за хлебам, але раптам пачуў на двары крокi. Ён хуценька залез пад падлогу, а мацi, як яе не дапытвалi, не выдала яго. Таму фашысты вырашалi забраць у Германію i маю мацi, цяжарную на восьмым месяцы. З вёскi забралi 20 маладых дзяўчат, у тым лiку i маю мацi, адвезлi у бабруйскую турму для праходжання фiльтрацыi.

Прырода не ўлічвае абставiн – вайна, турма, голад, iнфекцыi... Прыйшоу час, i дзiця нарадзiлася – маленькая прыгожая дзяучынка. Гэта было жахлiва! Нiякiх умоў для мацi i немаўляткі, нават не было чым спавіваць гэту малечу. Дзяўчаты здымалi свае нiжнiя спаднiцы, ірвалi іх на пялюшкі. Наўкол холад, голад, вошы… За ноч гэта брыдота залеплiвала увесь тварык дзяўчынкi, i кожную ранiцу мацi ачышчала яго.
Праз пэўны час усiх поднявольных, у тым лiку i мацi з нованароджанай, пасадзілі ў грузавы цягнiк i адправiлi ў нямецкi горад Оснабрук на прымусовыя работы. Там iх разлучылi: дзяўчынку забралі ў лагерны прытулак, а гаротную мацi сталі ганяць на прымусовыя работы.
Кожны дзень змораная катаржнай працай, атрымліваючы толькi лустачку хлеба, яна бегла да своёй дачушкi. Але гэта доўга не працягнулася. Адмiнiстрацыя лагера вырашыла знiшчыць усiх дзяцей, якiя па розных абставiнах знаходзiлiся ў лагеры, пазбавiць іх жыцця праз дызентэрыю, каб жанчыны працавалi i не думалi пра сваiх дзетак.
Так, у адзiн чорны дзень мацi выклікала наглядчыца лагера i паведамiла, што яе дачушка Нiна памерла. Гэты жудасны дзень матуля помнiла ў падрабязнасцях усё жыццё.

Але, як кажуць, у кожнага народа ёсць добрыя i благiя людзi. Так атрымалася, што нешта чалавечае або жаночае праявiлася ў гэтай наглядчыцы. Яна прапанавала маці, пры ўмове, калі яна не будзе плакаць i крычаць па сваёй дачушцы, то ёй дазволяць падыйсцi да труны i развiтацца. Мацi паабяцала. Аднак, як толькі яна ўбачыла свайго маленькага анёла ў труне, то мацярынскае сэрца не вытрымала, маці загаласiла: «Дачушка, родная!» На гэтым усё скончылася. Труну зачынілi i павезлi ў невядомым накiрунку, а мацi зноў адпрaвiлi працаваць.
У красавiку 1945 года англiйскiя войскi разбамбiлi гэты лагер. Усе зняволеныя разбеглiся хто куды, але ў асноўным, сабралiся каля маленькай царквы. Мясцовае насельнiцтва прапаноўвала працаваць у iх сем'ях за тую ж лустачку хлеба. Выйсця не было, і былыя лагерныя вязні пагаджалiся, бо ночы былі яшчэ халодныя ды і не было чаго есці.
Маці апынулася у вялiкай сям'i – пяцера малых дзетак, якiх патрэбна абслугоўваць найлепшым чынам. Мыла бялiзну, гатавала страву, прыбiрала жытло, працавала зранку да ночы. Так прaходзiлi дзень за днём 20-гадовай жанчыны, якая зусiм нядаўна развіталася са сваім дзіцем.
8 мая 1945 года прыйшла доўгачаканая Перамога над фашысцкай Германiяй. Матуля зараз жа стала рыхтавацца да ад'езду на Радзiму. Гаспадар сям'i, дзе яна працавала, папярэдзiў, што лепш заставацца тут, бо там усё парушана і спалена. Але мацi не пагадзiлася, а сказала: «Паеду да мамы».
I вось яна дома, у любай вёсачцы. Падыйшла да свайго двара, а хаты няма, толькi папялiшча. Стаiць маці i плача, куда iсцi не ведае. Такога яна не чакала. Добра, што iшоў па вёсцы родны дзяцька, убачыў гэта вiдовiшча ды прапанаваў пляменніцы пажыць у яго.
Неўзабаве, пасля лекавання ў шпiталi, вярнуўся з фронту бацька i таксама пайшоу да хаты сваёй мацi. Так і жылi яны парознь амаль два тыднi, кожны сам па сабе, бо вёска вялiкая, сувязi у той час не было. Праз нейкi час людзi паведамiлi бацьку, што яго жонка вярнулася, жыве на другiм канцы вескi. Так яны зноў сустрэлiся і сталі жыць разам. Нарадзiлiся мы, чацвёра.

У 1990-я гады я пачула пра дзейнасць арганiзацыi «Мемарыял», якая збiрае звесткі пра ўсходнiх вязняў фашызма. Мая старэйшая сястра напiсала пра нашу мацi.
Неўзабаве да мацi ў вёску прыехалi карэспандэнты з Германii. Яны доўга размаўлялi з мацi, усё запiсвалi. Пра гэту сустрэчу надрукавалі ў часопiсе горада Аснабрук, бо гiсторыя, якая адбылася ў часы вайны, уразiла маладых людзей.
Так здарылася, што аповед прачытаў жыхар Аснабрука, якi 30 гадоў працаваў ахоўнiкам гарадскіх могілак. Ён паведамiў рэдакцыю, што ведае кожны куточак гэтага святога месца i можа паказаць, дзе захаронена дзяўчынка. Маю старэнькую мацi (на той час ей было 80 гадоў) запрасiлi наведаць магiлку сваёй маленькай дачушкi Нiны. Гэта быў цуд для мацi, бо яна i думаць не магла пра такое. Яна пагадзiлася, бо разумела, што другога шанцу ўжо не будзе.
Так i адбылося. Мацi ўзяла зямелькi са сваёй сядзiбы, яйка, кветкi, цукеркi i, дзякуючы усiм, хто спрычынiўся да гэтай нагоды, пабыла, пагаварыла, папрасiла прабачэнне, што не зберагла свайго першанца, маленькага анёла.
А пры развітанні, на пытанне нямецкіх карэспандэнтаў, цi засталася крыўда, гнеў або нянавicць у яе душы, маці адказала: «Я ўжо ўсё усiм даравала, бо рыхтуюся да сустрэчы са сваiмi роднымi там. Такi быў час». Карэспандэнты былi здзiўлены шчырасцю слоў, якія сказала ім мая любая матуля.