Гуканне вясны: старажытны абрад «Чырачка» ў вёсцы Тонеж

Калі чырачка да нас прыляціць, тады і вясна пачнецца. Так з даўніх часоў лічаць у вёсцы Тонеж. Таму ў апошні дзень Масленіцы тут і сёння спраўляюць абрад гукання весны, які завецца «Чырачкай».

Рыхтавацца да свята пачынаюць яшчэ ў суботу: прыносяць з лесу маладую елачку, таксама робяць пудзіла Зімы для спальвання, а самае галоўнае, пякуць вось такое печыва ў выглядзе птушак. Ад яго і пайшла назва гэтага прыгожага старадаўняга абрада.

 Ужо раніцай у нядзелю ўсе мясцовыя жыхары збіраюцца ў адной хаце. Гоман, смех і песні, амаль што тут і пачынаецца свята. Маладыя дзяўчынкі і хлопцы ўпрыгожваюць елачку – сімвал роду. Таму і лічылі заўсёды, што кветак на ёй павінна быць парная колькасць, тады і дзеўкі, і хлопцы знойдуць сабе пару, дзяцей народзяць і вёска будзе жыць. Заўсёды на елачку вешалі лепшыя ўпрыгожванні, каб вясна была ясная і вясёлая.

Пасля ўсе накіроўваюцца на гару за вёскай, дзе і клічуць вясну. Туды едуць на вазах, ды с песнямі. Тых, хто трапіў на вуліцы выпадкова, запрошваюць прыняць удзел у абрадзе і частуюць «чырачкамi». Пагаворваюць, быццам адмаўляцца ад пачастунка нельга.

Мясцовыя жыхары яшчэ памятаюць, як рабілі абрад «Чырачку» іх бабулі і дзядулі. Тады, вядома, такога размаху не было.

Вось тут на гары пачынаецца самае цікавае. Хлопцы замацоўваюць елачку на самым высокім дубе, ближэй да сонейка. Каб на вечназялёную прыгажуню хутчэй зляталіся чырачкі.

Пасля распальваюць вогнішча і кідаюць у яго чучала Зімы. Кожнае абрадавае дзеянне суправаджаецца песнямі і гульнямі.

Ужо праз гадзіну быццам на вачах зямля абудзілася ад зімовага сну.

Яшчэ адзін важны элемент абраду – качанне з гары. Лічылі, што калі хоць раз з’ехаць, то і у хаце дабрабыт увесь год будзе, і здароўе моцнае. Раней у гэты час яшчэ ляжаў снег, сёлета яго, на жаль, не было. Таму спускаліся на посцілках.

Пасля такіх гульняў можна і пачаставацца. Прасяная каша у гаршочках, блінцы з яешняй, пампушкі, сала і чырачкі. Смаката ды і толькі! Як жа тут вясне не прыйсці.