26 лістапада 2010 года Караткевічу споўнілася б 80 гадоў

Сёння, у дзень 80-годдзя Уладзіміра Караткевіча, выйшла з друку першае непадцэнзурнае выданне яго твора — навела "Ладдзя Роспачы". Над гэтай кнігай ішла праца год. Яна стала першым творам Уладзіміра Караткевіча, дзе графічна паказаныя ўсе аўтарскія і цэнзарска-рэдактарскія праўкі — па сутнасці, першым непадцэнзурным выданнем Караткевіча. Кніга "Ладдзя Роспачы" выйшла на прыватныя ахвяраванні прыхільнікаў таленту і асобы Уладзіміра Караткевіча, наведнікаў сайту www.lаbаdzеnkа.bу.

Многія праўкі былі зробленыя выключна паводле ідэалагічных матываў. Уявіце сабе: з тэксту выкідаліся словы "беларус", "беларускі", "беларуская"! Калі Смерць прыходзіць па Гервасія Выліваху, кажа: "Больш за ўсё я не люблю прыходзіць за беларусамі. Яны такія прагныя да жыцця, што я пачынаю думаць: ці не памылілася я са сваёй работай?" Што пакінуў рэдактар: "Больш за ўсё я не люблю прыходзіць па такіх, як ты..." "Ты зноў папаўся, беларус..." — кажа Смерць Выліваху за гульнёй у шахматы. А ў тэксце застаецца: "Ты зноў папаўся..." Нават "беларускія жаўрукі", якія пранізліва звінелі ў небе ў Караткевіча, сталі ў тэксце проста "жаўрукамі", паведамляе «Столичное телевидение» са спасылкай на газету "Звязда". 

Савецкія рэдактары пільна сачылі, каб у тэкстах беларускіх пісьменнікаў не было ні грама "лішняй" беларушчыны. Караткевіч, як мог, стараўся надурыць "цэрбераў". Тыя не паддаваліся. Чытаем у рукапісе: "...Бліжэйшыя на беларускай зямлі ўваходы ў пекла знаходзяцца, як вядома, даволі далёка ад Рагачова. Адзін з іх ляжыць на дне Равучага возера, што пры Іпуці (нездарма ж там так раве вада, нібы нехта глытае яе на дне). Другі, ля Ржаўца пад Юхнавам. Трэці, ля Макруш, што пад Бельскам. Усе гэтыя тры ўваходы прагныя на ваду. Равучы — глытае і азёрную ваду, і ваду Іпуці. Бельскі — цэлую рэчку Паніклю. Кажуць, гэта зроблена [...]". Пасля праўкі гэты фрагмент стаў выглядаць так: "...Бліжэйшыя ад іх уваходы ў пекла знаходзяцца, як вядома, даволі далёка ад Рагачова. Адзін з іх ляжыць на дне Равучага возера, што пры Іпуці (нездарма ж там так раве вада, нібы нехта глытае яе на дне). Кажуць, гэта зроблена [...]", паведамляе «Столичное телевидение» са спасылкай на газету "Звязда". 

Розніца, як бачым, каласальная! Мала таго, што знікла "беларуская зямля", дык яшчэ і ўваходаў у пекла паменела: былі тры, застаўся адзін. Чаму так адбылося? Вельмі проста. Караткевіч зрабіў ні што іншае, як абазначыў этнічныя межы Беларусі!.. Ці мог дапусціць такое савецкі рэдактар-цэнзар? Зразумела, не! Таму пацярпелі два ўваходы — "расійскі" і "польскі", паведамляе «Столичное телевидение» са спасылкай на газету "Звязда". 

Прэзентацыя "Ладдзі Роспачы" адбудзецца 4 снежня (субота) а 13-й гадзіне ў Мінску ў "Кніжным салоне" (Калініна, 5, метро "Парк Чалюскінцаў"). Абяцалі ўзяць удзел Рыгор Барадулін, Васіль Сёмуха, Генадзь Бураўкін, Уладзімір Арлоў, Сяргей Панізнік.