Цікавыя факты жыцця славутага асветніка Беларусі Францыска Скарыны

Беларускі асветнік, гуманіст, вучоны-медык, пісьменнік, мастак, – гэта ўсё наш славуты зямляк, Францыск Скарына. На жаль, не ўся яго біяграфія дайшла да нашых дзён.

Дакладная дата нараджэння вялікага асветніка пакуль так і невядома. Прынята лічыць, што нарадзіўся ён паміж 1485 і 1490 годам. Дакладна вядома месца яго нараджэння – горад Полацк. Многія факты паказваюць на тое, што яго бацькам быў заможны купец Лука Скарына. Бацькі выхавалі ў Францыска любоў да беларускай зямлі і прагу да ведаў яшчэ ў дзяцінстве. У роднай хаце ён навучыўся чытаць і пісаць. А вось першую вышэйшую адукацыю Скарына атрымаў у Кракаўскім універсітэце. Там захаваліся дакументы, якія датуюцца 1504 годам, дзе ў ліку тых, хто паступіў, ёсць і імя нашага знакамітага зямляка. Існуе здагадка, што пасля заканчэння універсітэта Скарына з 1506 па 1512 год cлужыў сакратаром у дацкага караля.

З 1517 года Францыск Скарына знаходзіўся ў Празе. Тут жа ён пачаў вывучаць тэхніку друкавання і гравіравання, а таксама пазнаёміўся з чэшскімі першадрукаванымі біблейскімі кнігамі і дасканала авалодаў старажытнаяўрэйскай мовай, якая пасля спатрэбілася яму для перакладу Бібліі. Тут жа Скарына пачынае сваю друкаваную справу.

Першай надрукаванай кнігай стала славянская «Псалтыр». З гэтага часу Скарыны за невялікі перыяд з 1517 па 1519 гады надрукаваў адразу 22 кнігі Бібліі, у прадмове да якіх напісаў: «Я, Франтишек, Скоринин сын из Полоцка, понимая то, что без страха Божьего, без мудрости и без доброго поведения невозможно благочестиво жити людям вместе на земле, постановил печатать Притчи на русском языке прежде всего на славу и честь Утешителя Бога, а затем людям простым посполитым к пользе и распространению добрых обычаев, чтобы, научившись мудрости и праведно живя в мире, милосердного Бога прославляли». Такім чынам, Францыск Скарына імкнуўся зрабіць Біблію зразумелай кожнаму чытачу. Акрамя гэтага, усе выдадзеныя ім кнігі былі ўпрыгожаны выдатнымі гравюрамі. Такая дзейнасць патрабавала ад выдаўца велізарнай смеласці. І тут мы звернемся яшчэ да аднаго спрэчнага моманта яго біяграфіі – веравызнанне.

На пачатку 20-ых гадоў 16 стагоддзя Францыск Скарына накіроўваецца  ў Вільню. Тут ён адкрывае друкарню і выдае яшчэ дзве кнігі: «Малую падарожную кніжыцу» і «Апостал». Акрамя гэтага, з Вільняй звязаны яшчэ адзін цікавы факт з біяграфіі Скарыны. Так, многія даследчыкі лічаць, што тут Францыск ажаніўся з Маргарытай Адвернік, ад якой у яго было двое сыноў – Францішак і Сымон. З гэтым фактам пагодзяцца далёка не ўсе. Віной таму, партрэт Скарыны, які знаходзіцца ў Падуанскім універсітэце, у «Зале сарака». Гледзячы на яго, можна прыйсці да высновы, што Скарына быў чорным манахам, а таму пра нашчадкаў не можа ісці і гаворка. Але на самой справе, гэты партрэт маляваўся ўжо ў 1942 годзе, прычым мастак маляваў абстрактна і не карыстаўся ніякімі крыніцамі. А таму нашчадкі Скарыны цалкам рэальныя. Адзін з іх і наш сучаснік –  канадзец Станіслаў Стэнлі Скарына  працягваў (ёсць непацверджаная інфармацыя, што ён памёр) медыцынскую справу свайго вялікага продка. У яго нават атрымалася наведаць беларускую землю, ў 1990 годзе ён прыязджаў у слаўны Полацк.

Біяграфія Францыска Скарыны хавае ў сабе яшчэ шмат таямніцаў. Але вядома галоўнае: што з яго імем звязана выдатная інтэлектуальная падзея ў жыцці не толькі беларускага народа, але і ўсіх усходніх славян – выданне ў пачатку 16 стагоддзя значнай часткі Бібліі. А таму пераацаніць дзейнасць вялікага беларускага асветніка і першадрукара ў нашу культуру немагчыма.